Еўракамісія пакуль не прыняла рашэнне па запыце беларускіх уладаў аб выдзяленні краіне макрафінансавай дапамогі, паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва ЕК у Мінску Жан‑Эрык Хольцапфель.

Дыпламат адзначыў, што дапамога будзе аказана, у прыватнасці, калі Беларусь выканае пагадненне з Міжнародным валютным фондам аб атрыманні крэдыту стэнд‑бай, пры наяўнасці дэфіцыту фінансавання, а таксама наяўнасці ў ЕС фінансавай магчымасці выдзеліць такія сродкі.

«Цяпер мы чакаем чарговай справаздачы МВФ», — адзначыў Хольцапфель.

Запыт аб макраэканамічнай дапамозе беларускія ўлады накіравалі ў канцы чэрвеня 2009 года.

Макраэканамічная дапамога, якую аказвае ЕС, задумана як дапаўненне і выдзяляецца ў сукупнасці з крэдытам Міжнароднага валютнага фонду або Сусветнага банка. Яна можа быць выдзелена ў выглядзе крэдыту або як бязвыплатная дапамога — у залежнасці ад патрэб краіны.

Хольцапфель паведаміў, што бюджэт беларускіх праектаў у межах штогадовай праграмы дзеянняў быў павялічаны з 5 да 10 млн. еўра. Пры гэтым ён падкрэсліў, што праекты ў Беларусі фінансуюцца праз шэраг праграм, не толькі з гадавога бюджэту для краіны, гэта — рэгіянальныя праграмы, тэматычныя, трансгранічныя.

Марына Рахлей, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0