Споўнілася 20 гадоў адраджэння структур Беларускай рыма‑каталіцкай царквы, паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар БРКЦ ксёндз Аляксандр Амяльчэня.

Паводле яго слоў, каля вытокаў гэтага аднаўлення стаяў мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якога 25 ліпеня 1989 года Ватыкан узвёў у сан біскупа і прызначыў апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі — першым біскупам за больш чым 60‑гадовую адсутнасць у краіне іерарха рымска‑каталіцкай царквы.

13 красавіка 1991 года Казімір Свёнтак быў прызначаны мітрапалітам навастворанай Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі і апостальскім адміністратарам адноўленай Пінскай дыяцэзіі, а Аляксандр Кашкевіч — ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі.

Затым была створана мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры на беларускую мову, пачалі выходзіць каталіцкія часопісы «Дыялог», «Ave Maria» і «Наша вера», інфармацыйны бюлетэнь «Каталіцкія навіны», пачала дзейнічаць Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі, якую ўзначаліў кардынал Свёнтак.

30 верасня 2000 года завяршыў сваю працу сінод Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, які працягваўся чатыры гады і быў першым за пасляваенны час. Сінод выпрацаваў статуты БРКЦ па ўсіх галоўных накірунках яе дзейнасці.

«З кожным годам павялічваецца колькасць парафій і вернікаў, рэстаўруюцца і будуюцца новыя касцёлы. Беларуская мова паступова становіцца моваю рэлігійнага жыцця католікаў», — сказаў ксёндз Аляксандр.

У інтэрв’ю абноўленаму інтэрнет-сайту сatholic.by мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сярод актуальных напрамкаў дзейнасці БРКЦ назваў развіццё кантактаў са СМІ, выданне рэлігійнай, літургічнай і тэалагічнай літаратуры, пашырэнне працы з моладдзю, правядзенне канферэнцый па актуальных праблемах царквы і сучаснага жыцця, будаўніцтва новых касцёлаў, стварэнне тэалагічнага факультэта, развіццё міжканфесійнага дыялогу і адносін з грамадствам.

Паводле інфармацыі БРКЦ, у краіне пражывае каля 1,5 млн. вернікаў каталіцкага веравызнання. Пастырскую апеку над імі нясуць прыкладна 430 святароў, з якіх амаль 260 з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. У царкве працуюць каля 410 сясцёр, 240 з іх — беларускага паходжання. У краіне зарэгістравана амаль 440 парафій, 350 з іх маюць касцёлы. У дзвюх семінарыях і манаскіх супольнасцях да святарства рыхтуюцца прыкладна 140 кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?