БАТЭ—Эвертан — 1:2.

Фотарэпартаж з матчу БАТЭ — «Эвертан»

Галы: Ліхтаровіч (16-я), Фелэні (69-я, пас са штрафнога Бэйнса), Кэхіл (77-я, пас Білялетдзінава)

БАТЭ: Верамко – Бардачоў, Сасноўскі, Шытаў, Юрэвіч – Ліхтаровіч (Гааран, 81-я), Паўлаў (Валадзько, 77-я) – Няхайчык, Радзівонаў, Крывец – Скавыш (Стасевіч, 28-я),.

Эвертан: Ховард – Дзістэн, Хіберт – Бэйнс, Гослінг – Білялетдзінаў, (Бэкстэр, 90-я), Фелэні, Кэхіл, Асман – Жо, Якубу (Агард, 79-я).

Суддзя: Павел Крысціян Балаж (Румынія).

Мінск, 1 кастрычніка. Матч 2-га туру Лігі Еўропы.

БАТЭ прайграў у хатнім матчы пры небездакорным судзействе англійскаму «Эвертану» з лікам 1:2. Пры тым, што пасля першага тайму нашыя футбалісты вялі 1:0.

Увесь матч прайшоў пад акампанемент дажджу, які ў другім тайме ператварыўся ў моцны.

Першы ўдар па варотах, між іншым, зрабілі ліверпульцы. Яшчэ не паспела аббегчы секундная стрэлка поўнае кола, а па варотах Верамко пацэліў аўстраліец Цім Кэхіл (брытанцы вымаўляюць, дарэчы, Кэіл/Cahill).

А потым настала чарга БАТЭ. Некалькі разоў запар выходзіў да брамы амерыканскага галкіпера «ірысак» Ховарда Максім Скавыш.

На 14-й хвіліне «Эвертан» агрызнуўся. Расійскі легіянер клуба Дзініяр Білялетдзінаў прабіў з вугла штрафной, трыбуны войкнулі, але мяч нейкім цудам трапіў у штангу.

А потым спрацавала правіла: не забіваюць табе, забіваеш ты.

Праход – і Дзмітры Ліхтаровіч прыгожым ударам з метраў 25-30 адправіў мяч у дзявятку.

Гэта, між іншым, першы гол БАТЭ ў Лізе Еўропы.

БАТЭ правёў першую замену на 28-й хвіліне. Максіма Скавыша замяніў Ігар Стасевіч.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі Віктар Ганчарэнка патлумачыць такую раннюю замену тым, што Максім не зусім трапіў у гульню, а «потым яшчэ і высветлілася, што ў яго праблемы са страўнікам».

«Эвертан», натуральна, не апусціў рукі (ці не спыніў ногі), а пачаў асаджаць вароты клуба.

У адным з эпізодаў першага тайма, калі мяч вылецеў у аўт, запасны «Эвертана», хуценька апярэдзіўшы хлопчыка, хуценька вярнуў мяч у поле. Пад канец тайму да броўкі выйшаў Дэвід Мойес. І дождж быў не страшны шатландцу.

У перапынку сярод гледачоў і журналістаў панаваў пазітыўны настрой.

Здавалася, што мінімум нічыя ў БАТЭ ў кішэні.

Першыя 15 хвілін другога тайма «сінія» наогул не пераходзілі сваю палову поля. Прычым БАТЭ некалькі разоў мог падвоіць лік.

А потым здарылася тое, што здарылася. Парушыў правілы Ігар Шытаў. Навес Бэйнса са штрафнога – удар імпазантнага бельгійца Маруана Фэлаені – 1:1.

Згадаць варта небездакорнае судзейства.

Калега-журналіст, што сядзеў побач, перапытаў: «А хто суддзя? Румын? Нашы тады прайграюць».

Як у ваду глядзеў.

На 77-й хвіліне ўзнік вельмі спрэчны момант. Погляды падзяліліся, адныя лічылі, што Кэхіл знаходзіўся ў афсайдзе, іншыя – не.

Бяда была ў тым, што сярод першых былі абаронцы БАТЭ, якія не пабеглі даганяць аўстралійца, які і вывеў «Эвертан» наперад – 1:2.

Гэты мяч быў забіты пад акампанемент моцнага дажджу, што не пераставаў ужо да канца матчу.

БАТЭ кінуўся атакаваць. Выйшлі на замену Валадзько і Гааран. Той жа Гааран вывеў на 87-й хвіліне на ўдар Стасевіча – дарма.

1:2, і ў нас пакуль нуль балаў. Англійскія ірыскі так і не паддаліся беларускім зубам.

Дый БАТЭ меў толькі тры ўдары ў створ варотаў, а гэта вельмі мала.

***

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка выглядаў вельмі засмучаным:

«Даўно я не быў такім расчараваным, – сказаў ён.
– Цалкам кантралявалі гульню, але два паўмоманты «Эвертана» – і усё».

Ганчарэнка зазначыў, што у першым тайме БАТЭ гуляла лепш, кантралявала мяч і, галоўнае, не баялася ісці ў атаку. А ў другім баяліся здзейсніць памылку – і прапусцілі два мячы.

«Мы паспросту баяліся выйграць у «Эвертана».

Што да турнірных перспектыў:

«Калі б сёння перамаглі, то б рэальна маглі прэтэндаваць на другое месца ў групе. Але наперадзе яшчэ чатыры гульні, а ў футболе рознае бывае», – сказаў галоўны трэнер БАТЭ.

Пытанне ад БелаПАН: Год таму БАТЭ баяўся выйграць у «Ювентуса» [тады БАТЭ у хатім паядынку вёў 2:0, але прапусціў два мячы], сёння баяўся выйграць у «Эвертана». Калі ўжо перастане баяцца каманда?

Віктар Ганчарэнка пажартаваў:

«Калі будзем мець больш чым стогадовую гісторыю, як «Эвертан».

На пытанне, ці быў афсайд у Кэхіла, коўч БАТЭ дыпламатычна адказаў: «З майго месца было кепска бачна, але калі і быў, то прайграць у такім матчы ўдвая горай».

Трэнер «Эвертана» Дэвід Мойес прыйшоў на матч з парасонам.

Каманда папросту спынілася цераз дарогу ад стадыёна, у гатэлі «Краўн Плаза».

Ганчарэнка нешта забавіўся ў прэс-цэнтры,

і шатландзец паціснуў яму руку і па-руску з акцэнтам на развітанне сказаў: «Не огорчайтесь».

«Я вельмі задаволены вынікам, няглядзячч на тое, што вялікая колькасць вядучых гульцоў [праз траўмы і дыскваліфікацыі (Родуэл, Піенар, Джагелка, Саа, Ёба)– НН] адсутнічалі. Але мы праявілі характар і атрымалі патрэбны вынік»

Дэвід Мойес асабліва падкрэсліў, як вельмі важна, калі ты хочаш выйсці ў наступны этап, выйграваць у гасцях.

«Эвертану» гэта ўдалося. Ён, між іншым, падоўжыў пераможную серыю да пяці матчаў.
У чацвер АЕК выйграў у Афінах у «Бенфікі» з лікам 1:0,

адзіны гол у сустрэчы забіў шведскі абаронца АЕКа Даніэль Майстаровіч.

Пасля 2-х тураў: Эвертан – 6 (розніца мячоў – 6:1), АЕК – 3 (1—4), Бенфіка – 3 (2—1), БАТЭ – 0 (1—4).

Наступны матч БАТЭ правядзе 22 кастрычніка ў Мінску супраць АЕКа,

5 лістапада каманды згуляюць у Афінах.

22 кастрычніка: Бенфіка – Эвертан, 5 лістапада: Эвертан – Бенфіка.

2 снежня БАТЭ ў Мінску згуляе з «Бенфікай», а 17 снежня – з «Эвертанам» у гасцях.

Дэвід Мойес, дарэчы, сказаў, што ў Ліверпулі яго каманда будзе гуляць на перамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?