У выніку штогадовых зьменаў Міністэрствам Адукацыі ўступных правілаў, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ўпершыню адзначаны недахоп абітурыентаў.
Без студэнтаў могуць застацца хімічны і фізычны факультэты ў кірунку «навукова-педагагічная дзейнасьць»; факультэт радыёфізыкі і электронікі на спэцыяльнасьці «радыёфізыка і фізічная электроніка»; механіка-матэматычны факультэт на спэцыяльнасьці «матэматыка» (накірункі - «навукова-вытворчая» і «навукова-педагагічная дзейнасьць»), а таксама на спэцыялізацыю «матэматычная электроніка» і «механіка», паведамляе афіцыйны сайт унівэрсытэта.
Гэтаксама недахоп адзначаны і на некаторых факультэтах завочнага аддзяленьня: механіка-матэматычным, журналістыкі, філязофіі і сацыяльных навук, філялягічным і гістарычным.
У сувязі з гэтым БДУ просіць Міністэрства адукацыі дазволіць дадатковы прыём дакумэнтаў на тыя факультэты, дзе адзначаны недахоп абітурыентаў з умовай, што ўступныя іспыты на гэтыя спэцыяльнасьці павінны супадаць з тымі, якія абітурыенты здавалі раней.
Агулам у гэтым годзе на дзённае аддзяленьне БДУ пададзена 4.957 заяваў пры пляне набору 1.936, на завочнае – 607 (405 месцаў).
Інфармацыйны студэнцкі рэсурс "Studenty.by"