Пакінуты ў сіле смяротны прыгавор, вынесены Васілю Юзэпчуку. Такое рашэнне прыняла 2 кастрычніка калегія Вярхоўнага суд паводле вынікаў разгляду касацыйнай скаргі па яго справе.

29 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў 30‑гадовага жыхара Драгічынскага раёна Васіля Юзэпчука да пакарання смерцю за ўчыненне серыі забойстваў састарэлых жанчын, яго 28‑гадовага саўдзельніка Сяргея Гучэнку — да пажыццёвага зняволення з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму. Юзэпчук сваёй віны не прызнаў.

У Юзэпчука ёсць 10 дзён, каб падаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта.

Юзэпчук прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных пп. 12, 15, 16 ч. 2 арт. 139 (забойства пры абцяжарвальных абставінах), чч. 2 і 3 арт. 207 (разбой), Гучэнка — ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных пп. 12, 15, 16 ч. 2 арт. 139 і ч. 3 арт. 207 Крымінальнага кодэкса.

У судзе было ўстаноўлена, што з лістапада 2007 па студзень 2008 гадоў злачынцы ўчынілі ў Драгічынскім раёне чатыры забойствы састарэлых адзінокіх жанчын. Яшчэ два аналагічныя забойствы Юзэпчук учыніў у адзіночку.

Акрамя таго, суд палічыў даказаным учыненне апошнім разбою на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Усе забойствы былі ўчынены з мэтай завалодання грашовымі сродкамі жанчын.

Узрост пяці з іх быў большы за 70 гадоў.

Двойчы судзімы Юзэпчук быў знаёмы са сваімі ахвярамі (падрабляў у іх на гаспадарцы). Калі жанчыны запрашалі яго ў дом, імкнуўся даведацца, дзе яны захоўваюць грошы. У дамы ахвяр злачынцы пранікалі ноччу. Юзэпчук душыў жанчын, саўдзельнік утрымліваў, не даючы супраціўляцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?