Пасля прызыву Артур даведаўся, што паступіў у ВНУ на бюджэтную форму навучання і спадзяецца, што яго вернуць на вучобу. Да навабранца прыставілі ахову, каб не збег на лекцыі.

18-гадовы навабранец з Гродна адмовіўся прымаць вайсковую прысягу. Пасля прызыву ён даведаўся, што паступіў у аграрны універсітэт на бюджэтную форму навучання і спадзяецца, што яго вернуць у альма-матэр. У рэдакцыі ягоная маці, Марыя Антонаўна, распавяла, што за адмову сына перавялі на цяжкія працы ў трыста сёмую асобную чыгуначную брыгаду ў Слуцк.

Замест аўтамата хлопцу выдалі рыдлёўку, якой ён арудуе зранку да вечара, хаця з задавальненнем памяняў бы яе на кнігі і канспекты.

«Нядаўна да яго прыставілі ахову, каб не дэзерціраваў: баяцца, што ўцячэ на лекцыі, бо ва універсітэце яго павінны адлічыць 1 кастрычніка за тое, што на працягу месяца не з’яўляўся на заняткі», – распавядае Марыя Антонаўна. Жанчына лічыць, што сына забралі ў войска незаконна. «Паступленне ў ВНУ было для Артура сэнсам жыцця», – тлумачыць яна. У пошуках праўды звярталася ў ваенную і генеральную пракуратуры, Міністэрства абароны, але разумення нідзе не знайшла.

Грузчык з веданнем біялогіі

У ваенкамат Артура выклікалі 21 ліпеня. Паведамілі, што яму трэба звольніцца з працы і на наступны дзень з’явіцца з рэчамі на прызыўны пункт. Хлопец умаляў вайскоўцаў увайсці ў ягонае становішча і пачакаць дзевяць дзён, пакуль стануць вядомыя вынікі залічэння студэнтаў у Гродзенскі аграрны універсітэт. Паказваў дакумент, які пацвярджаў ягоны ўдзел ва ўступнай кампаніі. Тлумачыў, што чакае станоўчага выніку. І не выпадкова: каб добра здаць тэксты, за кнігамі ён праседзеў не адну ноч.

Па іроніі лёсу, у мінулым годзе Артур спрабаваў паступіць на ваенна-медыцынскі факультэт у Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт, але не дабраў балаў. Каб дапусцілі да паступлення, некалькі разоў праходзіў медыцынскую камісію.

– Уладкаваўся грузчыкам, каб мне дапамагчы. Я ж адна гадую двух дзетак. Пасля змены да дзвюх ночы вучыў. Ён мяне просіць: «Мама, наймі мне рэпетытара». А дзе я грошай вазьму? Супакойвала яго, маўляў, і так, сынок, паступіш.

Вышэйшая адукацыя для яго – гэта вельмі важна, ён разумеў што толькі так зможа выбіцца ў людзі, – са слязамі на вачох распавядае Марыя Антонаўна.

Тое, што Артур заўсёды быў нацэлены на паступленне ва універсітэт, пацвярджае ягоны былы класны кіраўнік, намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №33 Анжэла Панасевіч:

– Артур вучыўся ў класе з хіміка-біялагічным напрамкам. Я б не сказала, што ў яго былі цудоўныя поспехі, але ён добрасумленны і старанны. Ведаў, што спадзявацца можа толькі на сябе. Мама адна гадуе яго і брата, жывуць у інтэрнаце. На яго ніколі не было нараканняў, сціплы хлопец.

Тайна медкамісіі

Як патлумачыў ваенны камісар Гродзенскага гарадскога ваеннага камісарыяту Сяргей Арочка, Артура прызвалі ў войска па законе: па ўзросце і як атрымаўшага прафесію ваенны камісарыят. Увосень мінулага года хлопец прайшоў бясплатнае навучанне ў гродзенскай аўташколе ДАСААФ і атрымаў правы кіроўцы катэгорыі В і С.

Бясплатнае навучанне прапануецца маладым людзям прызыўнога ўзросту па праграме падрыхтоўкі кіроўцаў для воінскіх фармаванняў. Кожны, хто хоча вучыцца, піша заяву пра тое, што не збіраецца да праходжанне службы кудысьці паступаць.

– Міністэрства абароны аплаціла яму навучанне, а кошт курсаў перавышае два мільёны рублёў, і ён павінен у адпаведнасці з заканадаўствам выканаць свой абаязак і прайсці службу па набытай спецыяльнасці, – патлумачыў Сяргей Арочка.

Атрымліваецца, хлопец забыўся пра абавязальніцтва? Ён жа распісаўся пад адмовай у паступленні. «Усё было спантанна: Артура тэрмінова выклікалі ў камісарыят, калі ён знаходзіўся ў вёсцы ў бабулі, сказалі, каб ён ішоў вучыцца на кіроўцу, быццам бы група ўжо тыдзень займаецца. Напэўна, у іх не запала людзей, а пра наступствы гэтага кроку яго не папярэдзілі», – распавядае Марыя Антонаўна.

Як патлумачыў выкладчык УП ПУП «Гродзенская аўтамабільная школа» ДАСААФ Уладзімір Васілёнак, штогод па праграме падрыхтоўкі кіроўцаў для войска навучаецца каля ста курсантаў прызыўнога ўзросту. Прапануюць займацца тым, хто моцны фізічна і інтэлектуальна развіты.

З плакатам «SOS»

Палкоўнік Сяргей Арочка кажа, што і без навучання Артур, які дасягнуў паўналецця ў снежні, падлягаў цяперашняму прызыву і права на адтэрміноўку не меў. Аказалася, калі б Артур не пайшоў вучыцца на кіроўцу, а запісаўся б на падрыхтоўчае аддзяленне пры ВНУ, то мог бы разлічваць на адтэрміноўку на гэты год.

Такое права дае прызыўнікам арт. 32 Закона РБ «Пра воінскі абавязак і воінскую службу». Але падказаць Артуру, што яму рабіць, відаць, не было каму.

У аграрным універсітэце маму Артура запэўнілі, што сына, як адлічанага ў сувязі з прызывам у войска, адновяць на першы курс таго ж факультэту адразу пасля службы. Гэта прадугледжана «Палажэннем аб парадку і ўмовах аднаўлення студэнтаў, адлічаных з вышэйшых навучальных устаноў», зацверджаным пастановай Саўміну №17. Але жанчына ўжо нікому не верыць. Да таго ж яе бянтэжыць пункт, у якім прапісана, што працэдура аднаўлення магчымая пры наяўнасці вольных месцаў. Ці знойдзецца яно для Артура праз два гады?

Марыя Антонаўна вырашыла не чакаць і збіраецца змагацца далей. Жанчына стараецца прыцягнуць увагу грамадскасці: падала прашэнне ў Гродзенскі аблвыканкам дазволіць ёй 1 кастрычніка пастаяць у цэнтры горада з плакатам «SOS».

Думка эксперта

Юрыст юрыдычнай кансультацыі «ЮрЭксперт» Вадзім Чарапіца:

– Артура павінны аднавіць у адпаведнасці з «Палажэннем аб парадку і ўмовах аднаўлення студэнтаў, адлічаных з вышэйшых навучальных устаноў». Аднак дакумент не дае гарантый таго, што яго залічаць на бясплатную форму навучання. У ім прапісана, што гэта магчыма толькі пры наяўнасці свабодных месцаў.

У тэму

Дазваніліся да намесніка камандзіра па ідэалагічнай працы воінскай часткі 32213 (у ёй служыць Артур) Ігара Кунцэвіча, каб даведацца, як ідуць справы ў гродзенца. Ён распавёў, што заўваг на навабранца няма, Артур выконвае ўсе абавязкі і служыць нармальна.

«Вечерний Гродно»

***

Апошні гучны выпадак адмовы ад прыняцца вайсковай прысягі ў Беларусі адбыўся 9 лютага 2008 году ў вайсковай частцы транспартных войскаў у Жлобіне. Гомельскі актывіст Зміцер Жалезнічэнка адмовіўся прымаць вайсковую прысягу, матывуючы свой учынак тым, што палічыў прызыў у войска незаконным. Перад прызывам хлопца адлічылі з універсітэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0