Архімандрыт Беларускай праваслаўнай царквы Аляксей (Шынкевіч) назваў паклёпам і фальшыўкай матэрыял, паказаны па першым канале БТ 27 верасьня. У ім параводзіліся паралелі паміж стваральнікам партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя Паўлам Севярынцам і Адольфам Гітлерам. Паводле сяброў БХД, фільм утрымліваў іншыя паклёпніцкія зьвесткі з мэтай дыскрэдытацыі сяброў аргкамітэту. У паказаным матэрыяле гучалі камэнтары загадчыка юрыдычнай службы Менскай эпархіі Андрэя Алешкі, а таксама протадыякана Андрэя Кураева з Масквы.

Аднак іх меркаваньня ў кіраўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы не падзяляюць, паведаміў Свабодзе архімандрыт Аляксей (Шынкевіч):

«Я лічу, што гэта памылка першага нацыянальнага канала. На жаль, гэты сюжэт, які быў зроблены журналістам Андрэем Крывашэевым, ня вельмі прыемна, нават з абурэньнем успрынялі біскупы, які ў гэты вечар глядзелі тэлебачаньне. Многія зь іх мне так і сказалі, што гэта палітычны паклёп, які закрануў нават інтарэсы той вялікай падзеі, якая адбывалася ў гэтыя дні, а менавіта — візыт патрыярха. Гэта па-першае, а па-другое — я спасылаюся перадусім на асновы сацыяльнай канцэпцыі Расейскай праваслаўнай царквы.

Ёсьць пяты разьдзел, які называецца «Царква і палітыка». І ў ім вельмі добра сказана, як царква ставіцца да хрысьціянскіх партый і рухаў. Там напісана, што ня толькі станоўча, але заклікае вернікаў падтрымліваць гэтыя партыі і рухі.
А ў гэтым матэрыяле пададзена, што праваслаўная царква супраць гэтых рухаў.

Упершыню, калі да мяне зьвярнуліся зь першага нацыянальнага канала па камэнтар, я спытаў: у якім кірунку вы хочаце, каб мы пракамэнтавалі? Калі ў адмоўным, то мы нічога казаць ня будзем, а ў станоўчым для вас гэта не патрэбна і вас гэта не цікавіць. Таму яны пайшлі іншым шляхам, падманным — так і трэба казаць. Яны зьвярнуліся да супрацоўніка эпархіяльнага ўпраўленьня і да дыякана Андрэя Кураева і зманціравалі. Сёньня гэта лёгка можна зрабіць. Гэта проста фальшыўка, накіраваная ня толькі супраць Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, але і супраць праваслаўнай царквы. Гэта ня робіць пашаны першаму нацыянальнаму каналу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?