Каля 67% ірландцаў падтрымала ратыфікацыю Лісабонскага трактату на рэферэндуме 2 кастрычніка. Вынікі падліку галасоў сталі вядомыя ўвечары ў суботу. «Гэта вялікі дзень для Ірландыі і для ўсёй Еўропы», — адзначыў прэм’ер-міністр краіны Браян Коўэн.

Прэзідэнтам ЕС можа стаць Тоні Блэр.

Прэзідэнтам ЕС можа стаць Тоні Блэр.

У многім Трактат — іначай названая супольная еўрапейская Канстытуцыя, праект якой у 2005 г. быў адрынуты на рэферэндумах у Францыі і Галандыі. З тым ключавым адрозненнем, што згоду з умовамі Трактату давалі ўжо не народы, а ўрады краін-сябровак ЕС.

Ірландыя — адзіная краіна, дзе, паводле заканадаўства, далучэнне да Лісабонскай дамовы мусіла вырашацца шляхам рэферэндуму. І яна ж была апошняй краінай з 27 сябраў ЕС, якая дагэтуль не падтрымлівала трактат. Рэферэндум 2 кастрычніка быў паўторным. Падчас першага галасавання ў чэрвені 2008 г. 53,4% ірландцаў адмовіліся аддаваць Брусэлю частку сваёй незалежнасці. «За» тады прагаласавала 46,6%.

Лісабонскі трактат прадугледжвае крокі да большай цэнтралізацыі ЕС, пераход ад канфедэрацыі да падабенства федэрацыі. Прадугледжваецца цэнтралізацыя ўсіх трох галінаў улады ў межах ЕС. Суд Еўрапейскага саюзу мае сачыць за выкананнем дзяржавамі ЕС агульнаеўрапейскага заканадаўства. Адмяняецца паўгадовае старшынства ў Еўразвязе ўсіх краін па чарзе — замест гэтага ўводзіцца пасада прэзідэнта, які будзе абірацца кіраўнікамі дзяржаў ЕС на 2,5 гады. Пашыраюцца і паўнамоцтвы Еўрапарламенту. Таксама ўводзіцца пасада супольнага міністра замежных справаў, адмяняецца права вета асобных краін у шэрагу галінаў палітыкі ЕС.

Мяркуецца, што першым прэзідэнтам Еўропы можа стаць былы прэм'ер Брытаніі Тоні Блэр. У першыя міністры замежных справаў чакаюць кандыдатуру цяперашняга міністра замежных справаў Швецыі Карла Більта.

Улетку 2008 г. праціўнікі прыняцця Лісабонскага трактату — асабліва ўплывовыя ў Чэхіі і Польшчы — з энтузіязмам сустрэлі звесткі пра тое, што Зялёны Востраў заблакаваў прыняццё дакумента. Чэшcкі прэзідэнт Вацлаў Клаўс назваў вынікі першага рэферэндуму «перамогай свабоды».

За паўтара года думка часткі ірландцаў змянілася. На гэта паўплывала добрая іфармацыйная кампанія на тэму Трактату і эканамічны крызіс, які паказаў ірландцам, што ў моцнай Еўропе яны могуць пачувацца бяспечней.

Таксама пасля першага рэферэндума ЕС даў Ірландыі пэўныя гарантыі — у прыватнасці, адзначалася, што Лісабонскае пагадненне не закране такія ключавыя сферы ірландскага суверэнітэта, як падаткаабкладанне, вайсковы нейтралітэт і сямейныя справы. У тым ліку праблему легалізацыі абортаў, якая выклікала ўзрушэнне ў каталіцкай Ірландыі.

Цяпер позірк Еўропы скіраваны на Польшчу і Чэхію – апошнія з 27 краінаў Еўразвязу, кіраўнікі якіх не ратыфікавалі Трактату. Хоць парламенты гэтых краін яго ўжо ўхвалілі. Польскі прэзідэнт Лех Качыньскі раней абяцаў падпісаць Трактат адразу па згодзе Ірландыі. Ратыфікацыя з боку Чэхіі залежыць ад Канстытуцыйнага Трыбуналу, які – паводле ўсіх прагнозаў – пацвердзіць, што далучэнне да Лісабонскага пагаднення не супярэчыць Канстытуцыі краіны. І еўраскептычны Вацлаў Клаўс змушаны будзе падпісаць яго ў найбліжэйшыя месяцы.

Федэралізацыя Еўропы у першую чаргу абумоўленая інтарэсамі бізнэс-колаў і палітычных элітаў, якія лічаць, што вышэйшая ступень інтэграцыі дапаможа ЕС актыўней праводзіць замежную і абаронную палітыку, не саступаючы ЗША, Кітаю ці Расіі.

У чэрвені 2008 г. большасьць назіральнікаў адзначала, што правал прыняцця Лісабонскага трактату ўскладніў бы далучэнне да ЕС новых краінаў, сярод якіх Турцыя, Украіна і, патэнцыйна, Беларусь. Гаспадарчае ж узмацненне ЕС — бо гэта адна з мэтаў цэнтралізацыі — зробіць яго яшчэ прывабнейшым партнёрам і будзе спрыяць яшчэ большаму ўцягванню нашай краіны ў арбіту супольнаеўрапейскіх інтарэсаў. Таксама цэнтралізаваны Еўразвяз, дзе не будуць перакрыжоўвацца функцыі розных інстытуцыяў, зможа займаць больш ясную і акрэсленую пазіцыю адносна нашай краіны. Калі «рэалпалітык» не пераважыць дэмакратычныя прынцыпы.

Сяргей Мікулевіч; BBC, Gazeta Wyborcza

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0