05.10.2009 / 16:19

На матч зорак КХЛ — за 10 еўра

Гульня пройдзе 30 студзеня 2010 году на «Мінск‑Арэне», якая можа змясціць 15 тыс. гледачоў.

Арыенціровачны кошт білетаў на матч зорак Кантынентальнай хакейнай лігі складзе 10 еўра, паведаміў журналістам старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Навумаў. Гульня пройдзе 30 студзеня на «Мінск‑Арэне», якая можа змясціць 15 тыс. гледачоў.

Паводле інфармацыі Навумава, продаж білетаў пачнецца 1 студзеня. Яны будуць рэалізоўвацца ў Мінску, а таксама ў гарадах, дзе базуюцца клубы КХЛ, і ў краінах, адкуль прыехалі легіянеры (Фінляндыя, Швецыя і інш.). Чакаюцца вялікія групы фанатаў з Расіі і Латвіі. ФХРБ гатова аказаць падтрымку ў пытанні браніравання гатэляў.

Старшынёй аргкамітэта па правядзенні матчу зорак з’яўляецца прэзідэнт КХЛ, генеральны дырэктар «Газпрамэкспарта» Аляксандр Мядзведзеў. Першае пасяджэнне аргкамітэта адбудзецца 8 кастрычніка.

Першы матч зорак КХЛ прайшоў 10 студзеня гэтага года на Чырвонай плошчы ў Маскве. Легіянеры на чале з Ярамірам Яграм выйгралі у расійскіх хакеістаў, якіх вёў Аляксей Яшын, з лікам 7:6. Адну шайбу ў складзе каманды легіянераў закінуў абаронца мінскага «Дынама» Бен Клаймер.

14 верасня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску віцэ‑прэзідэнт КХЛ Уладзімір Шалаеў заявіў, што з такім спартыўным збудаваннем, як «Мінск‑Арэна», беларуская сталіца мае больш шанцаў на арганізацыю матчу ўсіх зорак КХЛ, чым іншыя прэтэндэнты — Чэлябінск і Санкт‑Пецярбург.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру