За чацвёрты тэрмін Лукашэнкі — 37,4% рэспандэнтаў. Такія вынікі апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна‑эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва).

50,2% апытаных выказаліся на тое, што неабходна «даць шанс новаму чалавеку». Пры гэтым на пытанне «Калі Аляксандр Лукашэнка будзе чацвёрты раз выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах і з ім будзе сапернічаць кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі, за каго з іх вы б прагаласавалі?» 25,2% выказаліся на карысць кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі, за Лукашэнку — 42,9%.

На прамое пытанне «Тое, што ў руках Аляксандра Лукашэнкі засяроджана цяпер практычна ўся ўлада ў краіне, ідзе на карысць Беларусі або не дае краіне нічога добрага?» 44,2% рэспандэнтаў адказалі «ідзе на карысць Беларусі» (супрацьлеглага пункту гледжання прытрымліваюцца 36%).

Калі б заўтра адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі, 39,4% апытаных зноў прагаласавалі б за Лукашэнку (за Аляксандра Мілінкевіча — 3,4%, Аляксандра Казуліна — 2%, любога іншага палітыка — менш чым 1%).

На пытанне аб тым, чые інтарэсы выражае цяперашняя ўлада, больш за ўсё адказаў (34,1%) сабралі «чыноўнікі і бюракраты». Адказ «такіх людзей, як я» набраў 25%, а «бедных і сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва» — толькі 12%. На думку амаль 40% апытаных, «за 15 гадоў праўлення Лукашэнкі разрыў паміж багатымі і беднымі ў нашай краіне павялічыўся» (супрацьлеглага пункту гледжання прытрымліваюцца 25,9%), а палітычная сістэма ў Беларусі па 10‑бальнай шкале (дзе 1 значыць поўная дэмакратыя, а 10 — поўная дыктатура) атрымала сярэднюю адзнаку — 6 балаў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0