Ліпеньскі з’езд наведалі высокія чыноўнікі, аднак плёну ад іх сустрэчы з дыяспарай пакуль няма. З гэтай нагоды кіраўніцтва МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» звярнулася да грамадскасці.

Падчас ліпеньскага з’езду беларусаў свету адбылася прыемная падзея. Упершыню за доўгія часы афіцыйныя ўлады сустрэліся з прадстаўнікамі з’езду. І нават на вельмі высокім узроўні — на сустрэчы прысутнічаў новапрызначаны міністр культуры Павел Латушка, а таксама Леанід Гуляка — упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і Уладзімір Шчасны — пасол па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Беларусі. Былі дасягнуты дамоўленасці аб супрацы. Асноўнымі пытаннямі, на якія рабіла акцэнт МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», было абвяшчэнне наступнага года — Годам роднай мовы, і ў сувязі з гэтым правядзенне шэрагу канкрэтных захадаў па папулярызацыі мовы; стварэнне супольнага Аргкамітэту па святкаванні 600‑годдзя Грунвальдскай бітвы; прыняцце закона «Аб беларусах замежжа»; стварэнне дзяржаўных органаў і ўстановаў па справах беларускай дыяспары; а таксама ўздымалася пытанне аб памяшканні для Беларускага дома, створанага на базе «МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» з архівам і бібліятэкай беларускай дыяспары. Пасля сустрэч на такім высокім узроўні дзеячы беларускай дыяспары спадзяваліся на значныя зрухі ў стаўленні да іх дзяржавы. Аднак на пасляз’ездаўскія пісьмовыя звароты дагэтуль няма адказу ні з Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ні з Міністэрства культуры. Атрыманы адказ толькі ад намесніка міністра замежных спраў сп. Алейніка, у якім паведамляецца, што МЗС азнаёмілася з дасланым лістом і з меркаваннямі МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» адносна магчымых кірункаў узаемадзеяння з беларусамі замежжа і «ў межах кампетэнцыі будзе ўлічваць гэтыя прапановы ў працы».

«Маўчанне з боку дзяржаўных органаў, якое вельмі падобнае на ігнараванне, не на карысць, на маю думку, ні агульнай справе падтрымкі беларусаў замежжа і ўзаемакарыснага супрацоўніцтва з імі беларускай дзяржавы, ні іміджу ўладаў»,
— кажа старшыня Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. — «Бацькаўшчына» звяртаецца да дзяржавы не толькі з просьбамі штосьці зрабіць, мы прапаноўваем канкрэтныя захады, свае напрацоўкі, а па некаторых накірунках — і дапамогу (як, напрыклад, арганізацыя правядзення шырокага абмеркавання ў суполках беларусаў замежжа канцэпцыі закона). Складаецца ўражанне, што яшчэ не хутка ў нашай краіне накірунак супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой будзе важным для дзяржавы. Шкада, бо гэта і надалей будзе прыносіць вялікія страты. Асіміляцыйныя працэсы ў краінах пражывання беларусаў працягваюцца. І мы — беларуская нацыя — штогод нясем вялікія страты ад гэтага». Кіраўнік «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская схільная больш станоўча ацэньваць стан рэчаў. Аднак засцерагае дзяржаву ад бяздзейнасці:
«Безумоўна, пазітыўна тое, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў бралі ўдзел у з’ездзе і ўпершыню за вельмі працяглы час адбылася адкрытая грамадская дыскусія, без цэнзуры і абмежаванняў. Таксама з’езд пазітыўна паўплываў на імідж беларускай дзяржавы. Але ці здолеюць беларускія дзяржаўныя органы замацаваць гэты станоўчы момант?! Відавочна адно, адсутнасць нейкіх нават невялікіх практычных крокаў наперад з боку беларускай дзяржавы ў супрацоўніцтве з беларусамі замежжа будзе паступова гэты імідж разбураць».
Афіцыйныя асобы працягваюць заяўляць, што пашырэнне супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай — прыярытэтны накірунак, адобраны вышэйшым кіраўніцтвам краіны. Толькі беларусы замежжа пакуль гэтай прыярытэтнасці на сабе не адчулі. Танцы працягваюцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?