Прагаласаваўшы за ратыфікацыю Лісабонскіх пагадненняў, ірландцы самі таго не ведаючы зрабілі яшчэ адзін значны крок насустрач беларусам. Піша Алесь Пілецкі.

Словазлучэнне Еўрапейскі Саюз гучыць з экранаў беларускіх тэлевізараў шторазу часцей. Асабліва пасля раптоўнай змены курсу кіраўніцтва краіны на цеснае супрацоўніцтва з Захадам і тым самым Еўрасаюзам у прыватнасці. Калі раней Еўропай беларусаў палохалі, то зараз выявілася, што з краінамі ЕС мы хочам будаваць цеснае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. І беларусы патроху пачынаюць пазіраць на Захад, як на адкрытую і прывабную прастору. Вось толькі мала хто добра разумее, што за звер хаваецца за гэтымі словамі — Еўрапейскі Саюз.

Усё пачалося адразу пасля вайны, калі Чэрчыль, прамаўляючы ў 1946 годзе ў Цюрыху, заявіў аб неабходнасці стварэння «Злучаных Штатаў Еўропы». Ідэя была не такая і новая, аднак насоўвалася халодная вайна, большасць краін толькі пачала аднаўляць гаспадарку і прапанаваная Чэрчылем ідэя еўрапейскай інтэграцыі была ўспрынятая пазітыўна.

Аднак бацькам Еўрасаюзу можна назваць не Чэрчыля, а Жана Манэ — французскага палітыка, які кіраваў камісарыятам па планаванні і адміністрацыі ва ўрадзе Дэ Голя. Менавіта Манэ падрыхтаваў праект аб’яднанай Еўропы, а потым дамогся яго прыняцця кіраўнікамі вядучых еўрапейскіх краін. Першай арганізацыяй — прататыпам Еўрасаюза — стала Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі, створанае ў 1952 годзе. Арганізацыя, куды ўвайшлі Францыя, Італія, ФРГ, Нідэрланды, Бельгія і Люксембург. Пасля было далучэнне да новай арганізацыі Вялікабрытаніі, Даніі і Ірландыі (у 1973 г.), падпісанне Шэнгенскага пагаднення (у 1985‑м) і, нарэшце, падпісанне ў 1992 годзе Маастрыхцкай дамовы, якая і паклала пачатак таму Еўрапейскаму саюзу, які мы ўсе сёння ведаем.

Важнай прычынай пашырэння і развіцця Еўрасаюзу быў развал СССР. ЕС, як арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва, мог актыўна супрацоўнічаць толькі з тымі дзяржавамі, што мелі вольны рынак. Вялікую ролю адыгралі ў гэтым плане аксамітныя рэвалюцыі, што адбыліся ва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе ў канцы эпохі савецкага панавання. Пасля ўз’яднання Германіі ўжо нішто не магло стрымаць працэсу еўрапейскай інтэграцыі.

Еўрасаюз з часу свайго афіцыйнага з’яўлення ў студзені 1993 года змяняўся толькі паводле формы — юрыдычная база яго дзейнасці заставалася нязменнай. Па сваёй сутнасці

ЕС не падобны ні да аднаго з палітычных утварэнняў, што існавалі раней.
З аднаго боку, ён мае ўласцівасці міжнароднай арганізацыі, а з іншага — гэта наддзяржаўнае ўтварэнне. Са сваімі ўнутранымі органамі і структурамі. Што, аднак, да нядаўняга часу не забараняла асобным дзяржавам‑удзельнікам Еўрапейскага Саюза праводзіць сваю незалежную ўнутраную і замежную палітыку.

Гэткая асаблівасць ЕС значна змяншала яго вагу на міжнароднай арэне. З’яўляючыся эканамічным гігантам, Еўрасаюз не мог праводзіць узгодненай замежнай палітыкі. Што негатыўна адбівалася на перспектывах развіцця. Тут паказальная гісторыя з будаўніцтвам расійскага газаправода па дне Балтыйскага мора: Германія актыўна лабіруе гэты праект, а шэраг дзяржаў (Польшча, Данія) спрабуюць яго затармазіць. У ЕС таксама няма ўласных вайсковых фарміраванняў. Гэты факт аслабляе яго пазіцыі яшчэ больш, чым няўзгодненая міжнародная палітыка. Можна прыгадаць 1999 год, калі ніводная еўрапейская дзяржава не магла перашкодзіць ЗША правесці кампанію ў Сербіі. Еўрасаюз быў не ў стане самастойна вырашыць той канфлікт.

Сітуацыя можа кардынальна змяніцца, калі будзе канчаткова ратыфікаваны Лісабонскі трактат. Ён прадугледжвае частковае пазбаўленне краін‑удзельніц суверэнітэту на карысць уладных структур Еўрасаюза. І ЕС зможа ператварыцца з эканамічнай у рэальную палітычную сілу. Здольную прымаць канкрэтныя рашэнні, якія будуць мець вагу на міжнароднай арэне. Дагэтуль такой магчымасці ў Еўрасаюза не было, як не было і адзінай пазіцыі па цэламу блоку пытанняў міжнародных зносін.

Даўняя ідэя Чэрчыля аб стварэнні «Злучаных Штатаў Еўропы» можа нарэшце ўвасобіцца ў рэальнасць. Для нас узмацненне патэнцыйнага саюзніка будзе адназначна пазітыўнай з’явай. Еўрасаюзу яўна бракавала канкрэтнай і метанакіраванай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Магчыма, што 2 кастрычніка ірландцы, прагаласаваўшы за ратыфікацыю Лісабонскіх пагадненняў, самі таго не ведаючы, зрабілі яшчэ адзін значны крок насустрач Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?