Падарожжы з Герадотам / Рышард Капусцінскі; Выбраныя творы / Пераклад з польскай. — Мінск: І. П. Логвінаў; Wrocław: Kolegium Europy Wschodniej, 2009. — 392 с.

Кнігу польскага журналіста Рышарда Капусцінскага (1932-2007) склалі творы «Імператар» (пераклад Алеся Пяткевіча) і «Падарожжы з Герадотам» (пераклад Алены Пятровіч).

Чаму кніга з’явілася толькі зараз? Пытанне хутчэй да выдаўцоў. Бо «Імператар», да прыкладу, быў надрукаваны па-беларуску яшчэ ў 2006 годзе ў часопісе «АРХЭ» . Але і гэта са спазненнем сама мала на дзесяць гадоў.

Менавіта тады, як Аляксандр Лукашэнка пачаў выкарыстоўваць аўтарытарныя метады кіравання, варта было б выдаваць «Імператара».

У творы распавядаецца пра падзенне рэжыму эфіопскага імператара Хайле Селас’е. Польскі рэпарцёр сустрэўся з тымі, хто служыў пры яго двары. І пастараўся апісаць, дзень пры дні, ад наспявання рэвалюцыйнай атмасферы ў краіне і да падзення ўлады манарха. Дыктатары не сыходзяць — яны збягаюць альбо іх скідаюць.

«Падарожжы з Герадотам» — гэта аўтабіяграфічны твор Капусцінскага. Усё пачынаецца з першага выезду за межы сацыялістычнай Польшчы. Малады рэпарцёр марыў перакрочыць мяжу хутчэй дзеля забавы, каб паглядзець, як тое адбываецца. А ў выніку адразу трапіў у Індыю ў кампаніі з Герадотавай «Гісторыяй». Затым шляхі паляка пралягалі праз Кітай, афрыканскія краіны, але кніга Герадота для яго заставалася арыентырам у моры гістарычных падзей на гэтых тэрыторыях.

«Падарожжы з Герадотам» — другая кніга польскага рэпарцёра, што выйшла ў серыі «Кнігарня «Наша Ніва». Сёлета свет пабачыла «Імперыя» . А пазалетась у выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшаў зборнік вершаў Капусцінскага «Вяртанне» ў перакладах на беларускую і рускую мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?