07.10.2009 / 15:28

Гукі «Ў» 3

Наватарская Галерэя сучаснага мастацтва адчынілася ў пункце прыёму шклатары.

Наватарская Галерэя сучаснага мастацтва адчынілася ў пункце прыёму шклотары.

На месцы вядомага месца прыёма‑шклатары з характэрнай назвай «Дыянісій», што на праспекце Незалежнасці 37а, у дварах за плошчай Перамогі, сёння адчыняецца новая Галерэя сучаснага мастацтва «Ў».

Арт‑дырэктар галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава кажа, што назва «Ў» абумоўленая тым, што менавіта гэтая літара адрознівае нас ад іншых моваў. «"Ў" з’яўляецца індэнтыфікацыйнай літарай беларускай культуры. Ідэя ўзнікла даўно, некалькі гадоў таму.

Думаю, што як мы назваліся так і паплывем — «Ў‑як»: хутка, высока, і насычана».

Што да пункта прыёму шклатары, то ён знік яшчэ да нашага прыходу. Мы тут ні пры чым. У Мінску не хапае культурнай прасторы і калі пункты прыёму шклатары будуць замяняцца культурнымі пляцоўкамі, гэта будзе плюс. У будучым трэба будзе захапіць, напрыклад, завод ці цэх, каб было больш месца для культуры», — працягвае спадарныя Чыстасердава.

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» абяцае быць месцам не толькі для выставаў мастакоў, але і культурнай пляцоўкай для розных відаў сучаснага мастацтва. У галерэі будуць праходзіць літаратурныя прэзентацыі, відэапаказы, семінары і лекцыі па розных тэмах. На працягу кастрычніка пры галерэі адчыніцца кавярня і гандлёвая частка, дзе можна будзе набыць сувеніры і падарункі, прадметы творчасці беларускіх мастакоў і дызайнераў, якія будуць увасабляць сучасную беларускую культуру не ў выглядзе «cаламяных цацачак».

На працягу двух‑трох тыдняў у галерэі «Ў» запрацуе кнігарня, дзе можна будзе сесці з кубкам гарбаты і пачытаць кнігу, якая спадабалася.

Аляксандра Дынько, дырэктарка кнігарні Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», зазначае:

«Спадзяемся наша кнігарня стане звычайнай еўрапейскай кнігарняй. У нас будзе вай‑фай і будзе магчымасць выпіць кубак кавы.

Кожны чалавек будзе мець магчымасць пакінуць замову, што б ён хацеў пачытаць, якую кнігу хацеў бы бачыць. Будзе бук‑кросінг, можна будзе прынесці сюды кнігі, якія вы прачыталі, каб пакінуць для іншых людзей. Таксама будзе магчымасць прыносіць кнігі для дзіцячых прытулкаў. Плануем у будучым прывучыць нашых наведнікаў, што кніга гэта не толькі старонкі і вокладка. Спадзяюся, што ў хуткім часе пачнем прадаваць лічбавыя кнігі, рыдэры».

7 кастрычніка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Галерэі.

З 8 кастрычніка можна наведаць персанальную выставу Сяргея Кірушчанкі «EARTH ART» («Надыйшоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам»), арганізаваную пры падтрымцы «Беларускага Народнага Банка». У экспазіцыі прэзентаваны 4 жывапісныя поліптыхі (размешчаных па трох сценах галерэі), шоўкаграфіі з 10 частак і, фота‑дакументацыя і слайд шоў. У сваіх творах мастак перапрацоўвае традыцыі мінімалізма 20‑50‑х гадоў праз прызму вясковых краявідаў.

12 кастрычніка ў галерэі адбудзецца прэзентацыя кнігі Аляксандра Сапегі. 27 кастрычніка пройдзе майстар‑клас аўстралійскага музыканта, медыа‑артыста Бэна Фроста. У межах праекта будуць прэзентаваны некалькі відэаінсталяцый і адбудзецца супольная выстава маладых беларускіх мастакоў.

Настасся Шамрэй

0
Ліхвяр / Адказаць
07.10.2009 / 16:02
А дзе гэта 37-а? На мапе няма такога адрасу, толькі 37, дзе месціцца магазін Том Тэйлар на плошчы Перамогі? Рэд. У двары за Томам Тэйларам.
0
Ліхвяр / Адказаць
07.10.2009 / 17:08
А можа паважаная рэдакцыя ведае ці можна на адкрыццё прыйсці звычайнаму смяротнаму? Можа там толькі па запрашэннях, прэсса, чырвоная дарожка, фракі і г.д?
0
а / Адказаць
07.10.2009 / 18:12
на адкрыццё выставы сёння будуць пускаць толькі па запрашэннях. Аднак з заўтрашняга дня наведаць можна любому бясплатна - з 10.00 да 22.00
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру