На Мінскім аўтамабільным заводзе збудавалі самы доўгі аўтобус у краіне. Відэакарэспандэнт «НН» назіраў за тым, як аўтобус вырульваў на вуліцы горада:


Даўжыня новай мадэлі складае амаль 19 метраў. Шкада, але на МАЗе не даюць сваім вырабам адметных найменняў, у адрозненне, скажам, ад заводу «Белкамунмаш», які адзін са сваіх новых аўтобусаў назваў «Вітаўтам». Вось і новы супердоўгі аўтобус атрымаў назву МАЗ 205. А мог бы назвацца якім-небудзь «Дняпром» (з-за сваёй незвычайнай даўжыні) ці «Асілкам» (можа ўзяць на борт да 175 чалавек).



Аўтобус мае высокаэкалагічны рухавік Mercedes, які адпавядае стандарту Еўра-5. Гэта значыць, што яго можна будзе прадаваць у любую краіну Еўрасаюза. Аўтобуз нізкапольны, мае адкідныя мосцікі, якія дазваляюць заехаць у салон на інвалідным вазку. МАЗ 205 абсталяваны відэакамерамі — на асаблівым маніторы кіроўца можа бачыць, што адбываецца ў салоне і вонкі. Гэта важна яшчэ і з-за незвычайнай даўжыні аўтобуса — у люстэркі не заўжды бачна, ці скончылі пасажыры высадку-пасадку. Відэакамеры вырашылі гэтую праблему.

Дарэчы, з назвай мадэлі атрымалася своеасаблівая гісторыя. МАЗ 205 — гэта яшчэ і мадэль грузавіка, самай першай машыны, якая была вырабленая на сталічным аўтазводзе ў 1947 г. Адна з такіх машынаў яшчэ стаіць на пастаменце каля адміністрацыі прадпрыемства. Цікава, што аўтобус мае не толькі такую самую назву, але і пафарбаваны ў такі самы «фірмовы» аранжавы колер, як і той грузавічок. Супрацоўнікі заводу кажуць, што ўсё гэта — чыстая выпадковасць, хаця, не выключана, што гэта адмысловы піяр-крок.



7 кастрычніка навінку прэзентавалі журналістам ля прахадной завода. Адразу ад прахадной аўтобус-гігант накіраваўся ў Бельгію, на міжнародную выставу пасажырскага транспарту «BUSWORLD EUROPE-2009».

Болей пра новы аўтобус можна прачытаць на сайце завода. Там, дарэчы, можна пабачыць і здымак новай мадэлі ў белым колеры (звярніце ўвагу на маршрут):

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?