Міністр культуры і камунікацый Францыі Фрэдэрык Мітэран – пляменнік 21-га прэзідэнта краіны Франсуа Мітэрана – цяпер спрабуе не толькі захаваць сваю рэпутацыю, але і месца ва ўрадзе.
Праблемы ў 62‑гадовага міністра ўзніклі ў сувязі з аўтабіяграфіяй за 2006 год, дзе ён прызнаўся, што плаціў за сэкс з хлопчыкамі ў Бангкоку.
Сацыялісты і крайнеправыя патрабуюць тэрміновай адстаўкі міністра. Як адзначае The Times, галасы крытыкаў прагучалі зараз, калі францускі міністр культуры выступіў з жартаўлівай абаронай Рамана Паланскага, асуджанага ў ЗША за гвалт над 13‑гадовай дзяўчынай трыццаць гадоў таму.
Мітэран у аўтабіяграфіі «La mauvaise vie» («Дрэннае жыццё») апісвае «нядобры звычай платы за хлопцаў» у Бангкоку:
«У мяне ўвайшло ў звычку плаціць хлопчыкам… Процьма маладых, вельмі прыцягальных і тэрмінова дасяжных хлопчыкаў прывялі мяне ў стан жадання, бо мне больш не трэба было сябе абмяжоўваць ці нешта хаваць».
Міністр адмаўляе, што з’яўляецца педафілам. Апаненты, аднак, так не лічаць.
У панядзелак Марына Ле Пэн з крайнеправага Нацыянальнага Фронту цытавала на тэлевізіі ўрыўкі з кніжкі Мітэрана, дамагаючыся адстаўкі міністра. У сераду, прадстаўнік Сацыялістычнай партыі Бенуа Амон сказаў, што ўражаны зместам аўтабіяграфіі і спытаўся, як Францыя можа працягваць барацьбу з сэкс‑турызмам, маючы ва ўрадзе Мітэрана.
Тэлевядучы, пісьменнік, сцэнарыст Фрэдэрык Мітэран прыйшоў ва ўрад у чэрвені. Тады Сарказі быў вельмі рады атрымаць яго ў сваю каманду, але цяпер у кіраўнікоў ураду ўзніклі сумненні, ці гэты выбар правільны.