Беларуская чыгунка мае намер мінімізаваць страты, якія прыносіць фінансаваньне прыгарадных перавозак. На гэты момант пасажыры дызэль і электрацягнікоў кампэнсуюць толькі 33% усяго аб’ёму выдаткаў БЧ на прыгарадныя зносіны. Каб скараціць выдаткі і захаваць нізкі кошт на білеты кіраўніцтва Беларускай чыгункі вырашыла скараціць колькасьць прыгарадных маршрутаў на траціну і спыніць усе экспэрымэнты па павышэньні камфортнасьці перавозак, рэнтабэльнасьць якіх аказалася надзвычай малой.
Паводле словаў начальніка БЧ Уладзімера Жарэлы, галоўнае транспартнае ведамства краіны мае намер замяніць цягнікі так званымі рэйкавымі аўтобусамі. Яны больш эканамічныя ў абслугоўваньні і цалкам задавальняюць патрабаваньні раёнаў зь нізкім пасажырапатокам. Сп. Жарэла падкрэсьліў, што колькасьць цягнікоў на загружаных трасах, кшталту, Менск–Орша і Менск-Берасьце, ня зьменіцца. Рэйкавыя аўтобусы пусьцяць на тых участках, дзе не патрабуецца штодня перавозіць дзясяткі тысяч пасажыраў. Іх вытворчасьць ужо асвоена рамонтным заводам Беларускай чыгункі.