Праектам бюджэту Расійскай Федэрацыі на 2010—2012 гады прадугледжана фінансаванне будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.

Пра гэта паведаміў журналістам 9 кастрычніка ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) Аляксандр Глухаў, першы віцэ‑прэзідэнт ЗАТ «Атамстройэкспарт» (Расія), якое плануе будаваць АЭС у Беларусі.

Паводле яго слоў, гэта трохгадовае фінансаванне, і яго аб’ёмы запланаваны зыходзячы з агульнага аб’ёму фінансавання будаўніцтва АЭС.

Глухаў падкрэсліў, што праект бюджэту яшчэ не зацверджаны. Разам з тым, сказаў ён, прадугледжаных сродкаў будзе цалкам дастаткова для фінансавання будаўніцтва АЭС у Беларусі. Кошт атамнай станцыі будзе вызначаны пагадненнем. Дакумент ужо рыхтуецца для правядзення паўнавартасных перамоў аб фінансаванні.

Як паведамлялася раней, на будаўніцтва ў Беларусі АЭС і інфраструктуры станцыі, паводле разлікаў спецыялістаў, неабходна 9 млрд. даляраў ЗША.

Глухаў падкрэсліў, што ў праект будаўніцтва АЭС будзе ўключаны комплекс па перапрацоўцы вадкіх і цвёрдых ядзерных адходаў, а таксама сховішча для іх. Прадугледжваецца эксплуатацыя гэтага сховішча на працягу першых 20 гадоў працы АЭС. У далейшым, пры павелічэнні тэрмінаў эксплуатацыі АЭС да 50 гадоў, мяркуецца будаўніцтва дадатковых сховішчаў.

Як паведаміў журналістам намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, прадугледжваецца, што будуць пабудаваны тры энергаблокі. Два першыя будуць дзяржаўныя, будаўніцтва трэцяга, магчыма, будзе ажыццёўлена з удзелам знешніх інвестараў, паведаміў ён. Таксама, паводле слоў намесніка міністра энергетыкі, цяпер рыхтуецца міжурадавае пагадненне аб будаўніцтве станцыі, якое прадугледжвае закупку ядзернага паліва ў тым ліку ў Расіі. Ён падкрэсліў, што гэта не павысіць энергазалежнасць Беларусі ад Расіі.

9 кастрычніка ў Астраўцы праходзяць грамадскія слуханні, прысвечаныя папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?