10.10.2009 / 16:38

Галерэя Ў: хочаце прыходзьце, хочаце не прыходзьце 2

Сюды можна прыходзіць у кедах, а можна — басанож. Можна прыходзіць з марозівам, а можна і без яго. Тут можна з разумным тварам разважаць пра сучаснае мастацтва, а можна круціць пальцам каля скроні.

Сюды можна прыходзіць у кедах, а можна — басанож. Можна прыходзіць з марозівам, а можна і без яго. Тут можна з разумным тварам разважаць пра сучаснае мастацтва, а можна круціць пальцам каля скроні. Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» адчынена!

«Калі я быў маленькім у гэтым будынку быў прыём шклатары «Дыянісій». Здаралася, што і я сюды прыходзіў пляшкі здаць. А сёння я буду тут вершы чытаць», — рыфмуе Віктар Жыбуль.

Галерэя сучаснага мастацтва адчынілася ўвечары 7 кастрычніка. Зазывалы гукалі: «Хочаце прыходзьце, хочаце не прыходзьце. Можаце з разумным тварам разглядаць творы, а можаце хуценька пайсці ў бар».

Ахвотных да сучаснага мастацтва хапала:

і ў бары, і каля твораў‑інсталяцый Сяргея Кірушчанкі. Кожная зала галерэі была бітком набіта людзьмі.

У сваім вітальным слове дырэктар галерэі Кацярына Шатэрнік расказала пра ўнікальнасць гэтага месца:

«Мы хочам, каб кожны тут змог адкрыць для сябе нешта цікавае, каб вам тут было цёпла і ўтульна. Акрамя галерэі і выстаўнай залі, у хуткім часе, адкрыем тут кавярню і кнігарню. Хочам, каб гэтае месца было пляцоўкай для правядзення культурных мерапрыемстваў. Для таго, каб людзі адкрывалі сябе, вялі тут дыскусіі, каб яны сустракаліся і рыхтавалі цікавыя праекты. Каб людзям творчым і думаючым ніколі і нічога тут не забаранялася і не было ніякіх табу».

Табу на адкрыцці галерэі заўважана не было. Былі чытанні Пастэрнака басанож на па‑восеньскі халодным асфальце, былі танцы аголенай дзяўчыны з прыкрытым шалікам тварам, былі і спевы Сяргея Пукста, падчас якіх некаторыя закрывалі вушы, а некаторыя шчасліва пляскалі ў далоні. І пакуль у адной залі гучалі барабаны і акардэон, пад ўмелымі рукамі музыкаў з гурта «Гурзуф». У другой залі беларускія літаратары чыталі вершы: пра маты, Радзіму, каханне і цыркулі.

Наведаць галерэю сучаснага мастацтва «Ў» можна ў любы дзень з 10.00 да 22.00.

З 8 кастрычніка тут праходзіць персанальная выстава Сяргея Кірушчанкі «EARTH ART» («Надыйшоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам. 12 кастрычніка можна патрапіць на прэзентацыю кнігі Аляксандра Сапегі. 27 кастрычніка ў галерэі адбудзецца майстар‑клас аўстралійскага музыканта, медыа‑артыста Бэна Фроста.

Калі няма прагі да сучаснага мастацтва, але будзеце праходзіць побач, зайдзіце хаця б проста ў прыбіральню, у якой можна маляваць на сценах. Адрас галерэі — праспект Незалежнасці 37а, у дворыках за крамай «Том Тэйлар».

Настасся Шамрэй

0
eisernWolf / Адказаць
10.10.2009 / 22:54
Даўно пара, блін! Вельмі ўсьцешаны падобным зрухам. Я тут у Піцеры зараз. Дык тут культурніцкае жыцьцё ідзе ў кожным зашмальцаваным ДК, выставы, рухі ладзяцца там, дзе толькі ёсьць свабодная прастора!
0
Рагнед / Адказаць
14.10.2009 / 22:47
...галоўнае, каб сапраўды там было сучаснае МАСТАЦТВА...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру