photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

Ад 14 да 24 кастрычніка ў Беларусі пройдзе агульнарэспубліканскі перапіс насельніцтва.

Звесткі пра дэмаграфічны склад і сацыяльна‑эканамічны стан беларусаў, сцвярджае Мінстат, дапамогуць спланаваць шляхі далейшага развіцця краіны. Але тут, як і ў любой іншай шырокамаштабнай кампаніі, ёсць свае падводныя каменьчыкі, камяні і нават валуны.

«К чорту статыстыку!»

Калі глянуць на сёлетні перапісны ліст, нельга не ўстрымацца ад узгадкі троху пахабнага, але прыдатнага да сітуацыі анекдота, у якім выкладчык па сэксалогіі прыводзіць статыстыку жаночых «пераваг у ложку», на што з задніх шэрагаў чуецца: «К чорту статыстыку! Нам патрэбны імёны, адрасы, тэлефоны!».

Перапісны ліст ўтрымлівае дзве анкеты: у адной пытанні пра асобу, а ў другой — пра жыллёвыя ўмовы. Агулам рэспандэнтам трэба будзе адказаць на 37 пытанняў.

Здзіўляе не толькі падрабязны роспыт пра месца працы і крыніцы прыбыткаў, але і тое, што прыйдзецца пад усімі адказамі падпісацца ўласным імем (не варта казаць, што для статыстыкі імёны няважныя). Такія «шчырыя» пытанні наўрад ці падштурхнуць беларусаў да такіх жа шчырых адказаў. Тым больш, персанальныя дадзеныя ўдзельніка перапісу захоўваюцца на працягу 75 гадоў. Праўда, пастановай №1178 ад 10 верасня гэтага года вызначаецца, што прыватнасць інфармацыі забяспечваецца на ўсіх этапах перапісу, але такім пастановам даўно ніхто не давярае.

Паводле міжнародных стандартаў

Згодна з дамовай, падпісанай Фондам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Міністэрствам статыстыкі і аналізу Беларусі, для сёлетняга перапісу Фонд прыцягне неабходныя міжнародныя экспертныя веды, а таксама фінансавыя сродкі ў памеры больш як 830 тысяч даляраў.

Трэба думаць, што ўвядзенне пытанняў, датычных міграцыі, якраз і ёсць патрабаваннем міжнародных стандартаў, а вось змяшчэнне прозвішчаў, адрасоў, тэлефонаў — ініцыятыва ўласна беларуская. У еўрапейскіх краінах такое не практыкуюць. Дарэчы, перапіс насельніцтва ў Беларусі будзе самым танным з усіх постсавецкіх краін і абыдзецца ў $1 на чалавека (у Расіі — $5—6). Асноўныя сродкі на яго правядзенне бяруцца з дзяржбюджэту.

А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?

Беларусы. Мінулы перапіс, які праходзіў у 1999 г., паказаў, што ў краіне назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці беларусаў і памяншэння прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Асноўныя нацыянальнасці, прадстаўленыя ў перапісным лісце сёлета, захаваюцца. Рэспандэнтам прапануюць выбраць сваю сярод беларускай, расійскай, польскай, украінскай нацыянальнасцяў або ўказаць іншую. Прадстаўнікі меншасцяў Беларусі не надта вераць у праўдзівасць вынікаў як мінулага перапісу насельніцтва, так і сёлетняга. На іх погляд, колькасць палякаў і ўкраінцаў наў¬мысна памяншаецца.

Выпрабаванне роднай мовай

Пастаноўка пытання пра родную мову абурыла многіх, нават самых талерантных беларусаў. У дужках, побач з пытаннем, удакладняецца: «мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве». У савецкі час такога не было. Такая ж практыка, толькі вусная, выкарыстоўвалася і ў мінулым перапісе, але яна мела рэкамендацыйны характар. Гэтым разам варыянтаў беларусам не пакінулі. Многія лічаць, што гэтая заўвага можа моцна паўплываць на працэнт тых, хто абярэ роднай мовай беларускую. Лідэры незалежнага грамадства пабачылі ў такой пастаноўцы пытання спробу падвесці статыстычную базу пад русіфікацыю. Маўляў, «ды родная ж мова ва ўсіх расійская». Таму з’явіўся зварот да людзей называць роднай і мовай хатняга ўжытку мову сваіх продкаў, беларускую.

Вольга Жарнасек

Пра што спытаюць беларусаў?

Анкета №1. Асабістыя звесткі.

    ‑ Прозвішча, імя, імя па бацьку
    ‑ Дата нараджэння
    ‑ Якія адносіны з гаспадаром памяшкання, у якім жывяце?
    ‑ Сямейны стан
    ‑ Месца нараджэння
    ‑ Ці бесперапынна жывяце ў гэтай мясцовасці?
    ‑ Ці жылі больш за год у іншай краіне?
    ‑ З якой краіны прыбылі? З якой нагоды?
    ‑ Грамадзянства
    ‑ Нацыянальнасць (па самавызначэнні і жаданні рэспандэнта)
    ‑ Родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)
    ‑ На якой мове звычайна размаўляеце дома?
    ‑ Іншыя мовы, якімі свабодна валодаеце
    ‑ Узровень адукацыі. Ці вучыцеся зараз?
    ‑ Крыніца існавання
    ‑ Ці працавалі ў апошні тыдзень да пачатку перапісу?
    ‑ Поўная назва месца працы, від дзейнасці, пасада
    ‑ Ці шукалі працу на працягу апошняга месяца? Калі так, то ўказаць прычыну.
    ‑ Колькасць дзяцей

Анкета №2.

    Характарыстыка жылога памяшкання.
    ‑ Поўны адрас жыхарства
    ‑ Падрабязная характарыстыка жылога памяшкання
    ‑ Спіс членаў сям’і
    ‑ У чыёй уласнасці памяшканне? Калі ў іншых членаў сям’і ва ўласнасці ёсць іншае жылое памяшканне, таксама трэба ўказаць.
    ‑ Ці ёсць кампутар і ці падключаны ён да інтэрнэту?

***

Насельніцтва Беларусі паводле перапісаў

1897 — 6 930 000
1926 — 4 985 000 (толькі Усход Беларусі)
1931 (толькі Захад Беларусі) — 995 000 як беларусы і 580 000 як палешукі. Польскія ўлады імкнуліся мінімізаваць лічбу запісаных беларусамі
1937 — 5 475 000 (толькі Усход Беларусі)
1939 — 5 570 000 (толькі Усход Беларусі)
1959 — 8 030 000
1970 — 8 995 000
1979 — 9 535 000
1989 — 10 150 000
1999 — 10 045 000

***

Нацменшасці: «Няма пэўнасці, што вынікі не будуць сфальсіфікаваныя»

Анджэй Пачобут, сябра Саюза палякаў, жыве ў Беларусі ад нараджэння:

Мне падаецца, што лік палякаў паводле вынікаў перапісу не зменіцца. Ніякіх моцных усплёскаў ці спадаў не павінна быць. У мяне няма ўпэўненасці, што вынікі не будуць сфальсіфікаваныя.

Таццяна Зялко, прадстаўніца ўкраінскай дыяспары, жыве ў Беларусі 30 гадоў:

Той адсотак украінцаў, які выходзіць па выніках перапісу, трэба памнажаць у некалькі разоў. Нават тое, што ў нашай арганізацыі самі па сабе з’яўляюцца новыя адгалінаванні, паказвае, што ўкраінцаў у Беларусі нашмат болей. Мне падаецца, што беларускія ўлады болей схіляюцца да расійскага, стараюцца русіфікаваць насельніцтва, сцвердзіць, што няма ўкраінцаў і няма палякаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0