або Мы, беларусы, — русские люди. Піша Уладзімір Арлоў. З нагоды кніжкі: Михаил Голденков. Русь — другая история. — Мінск: «Современная школа», 2008

Калісьці дапытлівы вучань чацвёртага класа адной з томскіх школ Міша Галдзянкоў паставіў у тупік настаўніцу гісторыі абсалютна слушным пытаннем: «Чаму пасля слаўнай пераможнай Кулікоўскай бітвы татара‑мангольскі прыгнёт на Русі працягваўся яшчэ сто гадоў?»

Потым Міша вырас, пераехаў з Сібіры ў Беларусь, зрабіўся літаратарам і вырашыў разабрацца ў перыпетыях мінуўшчыны не толькі Расіі, але і сваёй новай радзімы.Чаму б і не? Пагатоў, «у Беларусі ўсё ціха» , «нам гісторыя не трэба» і «мы баімся пакрыўдзіць суседзяў, якія ніколі нічога не баяліся». Карацей, наспела пільная неабходнасць нарэшце растлумачыць баязліўцам, «адкуль ёсць пайшла зямля Руская», а за адным разам — што такое Літва, і хто такія насамрэч крывічы, рускія, маскавіты, літвіны і беларусы. Так з’явілася на свет кніга пад сціплаю назвай «Русь — другая история».

Імпэт першаадкрывальніка

З вартым захаплення і зайздрасці імпэтам першаадкрывальніка, яе аўтар паведамляе чытачу, што Полацак прыняў хрысціянства незалежна ад Кіева; што некалі сучасную Беларусь называлі Літвой; што беларускія гарады, аказваецца, мелі магдэбургскае права; што Скарыну насамрэч клікалі не Георгіем, а Францыскам etc, etc…

Зрэшты, паўтарэнне ісцін, вядомых сёння ўжо і дапытлівым айчынным чацверакласнікам, можна толькі вітаць, бо, як вядома, побач з ісцінай заўсёды не менш зацята прапаведуецца аблуда.

З пэўнай карысцю чытаюцца і некаторыя іншыя старонкі кнігі М.Галдзянкова. Напрыклад, раздзел «Цэнтр праваслаўя?» (пра маскоўскую сумесь праваслаўя з ісламам за часамі Дзмітрыя Данскога дый пазней). Або раздзел «Спорнае славянскае адзінства», дзе гаворка ідзе пра сенсацыйныя вынікі навуковых даследаванняў сучаснага расійскага генафонду. Тым больш, Міхаіл інтрыгуе: маўляў, гэтыя вынікі, магчыма, і не ўбачаць свету «з стратэгічных прычынаў». Запамінаецца створаны аўтарам маляўнічы партрэт вялікага князя маскоўскага Васіля ІІІ, які прымаў еўрапейскіх паслоў у чалме ды з ятаганам і пачуваўся ў татарска‑турэцкіх строях натуральна.

Дзе трыццаць тысяч маскавітаў?

Аднак М.Галдзянкоў ставіць перад сабой звышзадачу — канчаткова навесці ў гістарычнай свядомасці беларусаў парадак — і з рашучасцю зубра кідаецца да мэты праз нетры нашага невуцтва.

Паколькі нядаўна (як заўсёды, з прыгодамі) мы адзначалі 495‑я ўгодкі Аршанскай бітвы, адразу падумалася: а раптам Галдзянкоў адкапаў пра гэтую падзею нешта новае? Інтуіцыя не схібіла: «Беларусы дасёння маюць складаныя пачуцці да, здавалася б, слаўнай перамогі пад Воршай 8 верасня 1514 г., калі 30 тысяч рускіх рыцараў і найманых салдатаў пад загадам Канстанціна Астрожскага нагалаву разграмілі 50 тыс. маскавіцкага войска з мінімальнымі для сябе стратамі» (ст. 181) (тут і далей пераклад цытат з расійскай — Рэдакцыі «НН»).

На старонцы 295 Міхаіл дадае да сваіх разваг пра «здавалася б, слаўную перамогу» новыя істотныя нюансы, паведамляючы, што у 1514 г. пад Воршай адбыўся «разгром 50‑тысячнага войска маскоўскага гасудара Васілія III 30 тысячамі русінскага войска, што ўратавала рускія землі ад заваёвы».

Трэба прызнаць, што гэткая адважная гульня ў салдацікі сапраўды выклікае «змяшаныя пачуцці». Асабліва, калі ўзяць пад увагу, што 8 верасня маскоўскае войска —як сведчаць гістарычныя крыніцы, а ўслед за імі энцыклапедыі — было ўсё ж крышачку (на 30 тысяч) большым. «Ды і хто ж, урэшце, перамог пад Воршай: «нашы» ці «рускія?» — можа пацікавіцца ў Галдзянкова разгублены школьнік.

Лютэране замест кальвіністаў

Новае слова кажа М.Галдзянкоў і ў гісторыі нашай Рэфармацыі. Як высвятляецца, у тыя часы эліта ВКЛ спрэс належала не да паслядоўнікаў Жана Кальвіна (як дагэтуль сцвярджалі гісторыкі), а да прыхільнікаў Марціна Лютэра. «Ва ўрадзе ВКЛ, — піша на ст. 174 стваральнік «Другой истории»,— амаль усе былі лютеранамі» (Міхаіл, ну парадавалі б хоць адным імем!) «У сярэдзіне ХVІІ ст. , — натхнёна працягвае Галдзянкоў,— ВКЛ, разарваўшы з Ватыканам, увайшло ў рэлігійную унію з Швецыяй».

Напэўна, аўтар грунтоўна вывучаў Кейданскую унію 1655 г., у тэксце якой, сярод іншага, дэкларавалася і свабода веравызнання. Аднак у Вялікім Княстве на той час ужо даўно адсвяткавала перамогу Контррэфармацыя. Вялікі князь і кароль Сцяпан Батура яшчэ ў 1577 г. забараніў будаваць у Вільні некаталіцкія храмы і школы.

Не Скарына, а Капіевіч

На суседняй старонцы 173 М.Галдзянкоў, з уласцівымі яму бездакорнымі дэфініцыямі і дасведчанасцю ў самых розных тэмах, паспявае мімаходзь паведаміць, што: «Канчаткова русіфікаваў Масковію‑Велікаросію толькі Пётр Першы… Ён і абнавіў алфавіт, памяняў яго з вялікароскага‑наўгародскага на літвінскі паводле канонаў Францыска Скарыны…чыю «Біблію» лічылі канонам рускай мовы».

Пакінем без каментароў заслугі выдатнага палачаніна ў стварэнні згаданага вышэй канону, але пры ўсёй павазе да М.Галдзянкова, а таксама да нашага гуманіста і першадрукара, нясмела ўзгадаем, што кірылічны шрыфт, які ў 1708 г. зацвердзіў у сваёй дзяржаве расійскі цар, быў створаны на самым пачатку ХVІІІ ст. усё ж не Скарынам, а Галляшом (Іллёй) Капіевічам.

Зрэшты, аўтар «Другой истории», па гамбургскім рахунку, мае рацыю: у тыя часы цывілізацыя да ўсходніх суседзяў па‑ранейшаму ішла праз Беларусь і беларусаў‑літвінаў. Выхаванец Слуцкай гімназіі, выдавец і перакладчык Капіевіч, выдаўшы на замову цара каля двух дзясяткаў падручнікаў і слоўнікаў, здзейсніў у пятроўскай Расеі сапраўдную культурную рэвалюцыю.

Дзярждума ВКЛ

Наступствы вызвольнага паўстання 1831 г. ацэньваюцца у кнізе не менш дакладна: «У Літвы былі забраныя галоўныя атрыбуты аўтаноміі: статут (канстытуцыя), дзярждума былі забароненыя, як і сама уніяцкая царква» (ст. 275). Міхаіл, у якім глухім падпольлі дзейнічаў у Літве‑Беларусі такі орган, як дзярждума, што не пакінуў па сабе аніякіх гістарычных сведчанняў, апрача вядомых выключна вам?! Дарэчы, уніятаў, або грэка‑католікаў Галдзянкоў услед за царскімі царкоўнымі гісторыкамі лічыць праваслаўнымі.

Крыўдна за Расію

Падобныя ўдакладненні айчыннай гісторыі, зробленыя вострым і лёгкім пяром Міхаіла Галдзянкова, можна цытаваць яшчэ доўга.

Свежасцю погляду погляду і бесшабашным жангляваннем сучаснымі і гістарычнымі паняткамі вылучаюцца і ягоныя экскурсы ў мінулае і сённяшні дзень суседніх народаў. Недасведчаны чытач, між іншага, даведваецца, што «былы русінскі цэнтр Львоў толькі ў 1939 г. увайшоў у склад Украіны». Але мала таго: «Сумна, што менавіта гэты горад зрабіўся аплотам украінскага нацыяналізму» (ст. 185). Цікава, які горад аўтар кнігі хацеў бы ўбачыць у якасці гэтага аплоту, каб не «засумаваць»?

А, зрэшты, якая розніца, калі «Украіна ці то не ведае, ці то не жадае ведаць, што сапраўдная Расія — гэта яна сама» (тая ж ст. 185)? Крыўдна і сумна Міхаілу не толькі за такі недарэчны лёс Львова, але і за тое, што Расія (не сапраўдная, дзе прэзідэнтам Юшчанка, а цяперашняя, дзе прэзідэнтам Мядзведзеў), зноў, як і за Іванам Жахлівым, марнуе «свой найунікальнейшы шанец быць пасярэдніцай і найвялікшым аўтарытэтам між хрысціянскімі і ісламскімі краінамі» (ст. 247). Шанец сапраўды ўнікальны, асабліва калі паглядзець на яго скрозь прыцэлы аўтаматаў бясконцай вайны «аўтарытэта» з ісламскімі народамі Каўказу.

Дзе Грыцкевіч, Краўцэвіч, Чарняўскі?..

Жывучы не першы год у нашай сталіцы, Міхаіл, трэба аддаць яму належнае, ужо даволі ўпэўнена арыентуецца ў яе культурных каардынатах. Да прыкладу, праўдзівае імя Скарыны ён удакладняе не ў якім‑небудзь сумнеўным і далёкім ад навукі месцы, а ў «літаратурным музеі горада Мінска». Каб спрасціць М.Галдзянкову далейшыя росшукі, паведамім яму, што у горадзе Мінску ёсць (разам з Дзяржаўным архівам‑музеем літаратуры і мастацтва) яшчэ пяць літаратурных музеяў і сенсацыйныя адкрыцці могуць чакаць дапытлівых школьнікаў у кожным.

Аб’ём літаратуры, асвоенай Галдзянковым у працэсе стварэння кнігі, не можа не выклікаць захаплення. Невялікія праблемы застаюцца пакуль толькі з сучаснай беларускай гістарыяграфіяй.

Змешчаная пры канцы кнігі бібліяграфія налічвае цэлых дзевяць пазіцый з якіх беларускім аўтарам — Міколу Ермаловічу і Анатолю Тарасу — пашчасціла заваяваць дзве.

Трэба меркаваць, што публікацыі і манаграфіі Анатоля Грыцкевіча, Алега Дзярновіча, Андрэя Катлярчука, Алеся Краўцэвіча, Алега Латышонка, Сяргея Тарасава, Міхася Чарняўскага, якія таксама злёгку цікавіліся праблематыкай, што натхняла стваральніка «Другой истории», апошняму добра вядомыя. Вось толькі «не праходзяць» з прычыны нізкага навуковага ўзроўню або баязлівасці аўтараў, якія нават у страшным сне не могуць сабе дазволіць учыніць нейкую крыўду ўсходнім суседзям.

Зрэшты, перапрашаю, імя доктара гісторыі А.Катлярчука, аўтара трох манаграфій (у ліку якіх «Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў» (2002, Мінск ; 2007, Вільня) і «In the Shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid‑17th Century» (Стакгольм, 2006)) усё ж не засталася за бортам прыярытэтаў М.Галдзянкова. У раздзеле «Рурык і Торвальд. Што яны зрабілі для Русі?», Катлярчук паблажліва названы «журналістам». Васьмірадковы абзац прысвечаны Генадзю Сагановічу і ягонай (сенсацыйнай для свайго часу) кнізе «Невядомая вайна 1654—1667» (Мінск,1995). Але, паводле М.Галдзянкова, беларускія гісторыкі пра тую страшную вайну пісалі «сарамліва і глуха», а Сагановіч «не зусім меў рацыю», адзначаючы, наколькі гэтая тэма была сфальсіфікаваная і схаваная ад беларусаў.

З дазволу царрў і генсекаў

Уладзіміру Арлову —хоць і не гісторыку, а ўсяго толькі літаратару з дыпломам гістфака — пашанцавала больш, чым многім прафесійным слугам Кліо. Адсутнасць яго кніг у спісе выкарыстанай літаратуры Міхаіл Галдзянкоў вырашыў патлумачыць сурова і недвухсэнсоўна: «Таленавіты (ну, дзякуй!) беларускі пісьменік Арлоў, які так многа піша пра гісторыю, таксама прымае беларускую гісторыю толькі ў тым выглядзе, які нам «дазволілі» расійскія цары, а потым і генсекі» (ст. 185).

Зусім не збіраючыся прапаноўваць стваральніку «Другой истории» (яе «дазволіла» ў 2008 г. мінскае выдавецтва «Сучасная школа») даўжэзны спіс літаратуры, адну са сваіх санкцыянаваных генсекамі ды іхнімі папярэднікамі кніжачак парэкамендаваць, тым не менш, нясціпла рызыкну. А менавіта — «Адкуль наш род. Апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў».

Пагартаўшы гэтыя апавяданні (у кніжцы, дарэчы, шмат каляровых карцінак) можна, у прыватнасці, даведацца пра тое, што доктар «вольных мастацтваў» і медыцыны Францішак Скарына ( Міхаіл упарта называе яго «прафесарам», хоць пра выкладчыцкую дзейнасць Скарыны дагэтуль нічога не было вядома) вучыўся і здабываў навуковыя ступені ўсё ж не «у Вільна, а потым у Празе» (ст. 211), а ў Кракаве і Падуі. Альбо пра тое, што Пётр І у 1705 г. «манахаў і святароў Сафійскага сабора ў Полацку» не «расстрэльваў» (ст. 355), а засек шаблямі проста ў храме і ў час малітвы. Двух недасечаных — старэнькага архімандрыта Якуба Кізікоўскага і зраненага вікарыя Канстанціна Зайкоўскага — на наступную раніцу павесілі. Прычым айца Якуба ўсю ноч катавалі, патрабуючы паказаць, дзе схаваны саборны скарб. Потым целы ўсіх пяці ахвяр на загад цара спалілі, а попел развеялі над Дзвіной, каб магілы пакутнікаў не сталі месцам паломніцтва. Цар пакараў і саму Полацкую Сафію: у дзень адыходу расійскага войска храм узарвалі. Варта дадаць, што тады, у Паўночнай вайне са Швецыяй, Пётр быў саюзнікам нашага вялікага князя і караля Аўгуста ІІ.

Менавіта за звесткі пра крывавыя полацкія подзвігі саюзнічка першае выданне «дазволенай царамі і генсекамі» кнігі «Адкуль наш род» (Мінск, 1996) было арыштаванае, і цэлы год кніжку чыталі адно пацукі і прусакі.

«Современная школа»

У анатацыя да наватарскага трактату Галдзянкова выдавецтва «Современная школа» ( адказная за выпуск В.В.Іўлева) заваблівае чытача: «Кніга, якую вы трымаеце ў руках, — пошук адказаў на тыя пытанні, якія задаюць настаўнікам не ў меру цікаўныя школьнікі, не атрымліваючы ясных тлумачэнняў». Не будзем ужо казаць пра школьнага настаўніка, які мог бы задаць парачку пытанняў самому аўтару «Другой истории». А вось рэдактара і карэктара «Современная школа» магла б Галдзянкову і расстарацца. Калі не дзеля ацэнкі адкрыццяў былога дапытлівага вучня, дык хаця б дзеля таго, каб, да прыкладу, атрымаць «яснае тлумачэнне», чаму ў ягонай храналагічнай табліцы 1517 год ( той самы, калі «рускі першадрукар» прафесар Скарына «выпускае першую друкаваную рускую кнігу») папярэднічае не толькі 1514‑му (мы ўжо ведаем, што тады войска гетмана Астрожскага «уратавала рускія землі ад заваёвы»), але нават і 1487‑му, калі Масковія захапіла «усходні рускі горад Смаленск».

Карацей, як ні круці, але выходзіць, што мы, беларусы, — «русские люди». Але пра гэта нам і без Галдзянкова ўжо даўно і рэгулярна нагадвае адзін усім вядомы гісторык і даследчык дзейнасці Скарыны ў Санкт‑Пецярбурзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?