На саміце СНД у Кішынёве адбылася вострая пікіроўка між кіраўнікамі Беларусі і Украіны з аднаго боку і Расіяй з другога. Існуюць дзве версіі падзей.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка перад журналістамі, на саміце адбылася «вельмі жорсткая і вострая размова». Ён адзначыў, што «штыкі скрыжавалі» ў пытанні пераадолення наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. «Ужо, кажуць, крызіс завяршаецца, а мы ўсё гаворым аб тым, як павысіць, вывучыць, інфармаваць», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі,

ён задаў пытанне міністру фінансаў РФ Аляксею Кудрыну: чым канкрэтна Расія з яе велізарнымі рэзервамі можа дапамагчы краінам СНД?

Расія, сказаў ён, адгаварылася тым, што выступае на баку Беларусі пры выдзяленні крэдытаў МВФ.

«А выйшла так, што МВФ сёння выдае крэдыт з улікам таго, што нам выдзяляе Расія. А цяпер Расія публічна заяўляе, што 500 млн. даляраў не дае. МВФ нас пытае: як жа так, мы разлічвалі, што і Расія дасць. Такая ўмова выдзялення крэдыту МВФ».

«Вось такі момант жорсткай размовы. Думаю, я правільна завастрыў гэтае пытанне», — дадаў Лукашэнка.

На саміце было таксама закранута пытанне бар'ераў у гандлі і мер пратэкцыянізму. «Запісваем пункт: ніякіх бар'ераў, ніякага пратэкцыянізму. Дык жа ў нас з Расіяй бар'еры і пратэкцыянізм! Калі гэтыя пытанні будуць вырашаныя?» — рытарычна пытаўся Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што на пасяджэнні «моцна выступіў Віктар Юшчанка, яго аргументацыя была забойчай».

Паводле слоў беларускага кіраўніка, галоўнай думкай выступлення ўкраінскага прэзідэнта было тое, што «ні Беларусі, ні Украіне не былі б патрэбныя крэдыты, калі б функцыянавала зона свабоднага гандлю». «Краіны маглі б самастойна зарабіць неабходныя сродкі. У такім жа ключы выступілі Таджыкістан і Азербайджан», — сказаў Лукашэнка.

Разам з тым, Лукашэнка адзначыў, што «СНД павінна заставацца як пляцоўка для перамоў». «Хай дрэнна, хай нешта не вырашаецца, хай проста абмяркоўваем праблемы, але гэта пляцоўка для перамоў, яна адзіная такая на постсавецкай прасторы, яе трэба захаваць».

Іншую версію размовы падаў расійскім журналістам міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын.

Паводле ягоных словаў, Лукашэнка не ў курсе, на што патрачаныя 3 млрд даляраў расійскіх крэдытаў.

Як перадае агенцтва РІА Новості,

Кудрын заявіў, што «быў здзіўлены тым, што беларускі прэзідэнт Лукашэнка не валодае інфармацыяй аб той фінансавай дапамозе ў выглядзе крэдытаў, якую Расія аказвае Беларусі апошнія два гады».

Ён падзяліўся з журналістамі зместам дыялогу, які, паводле яго слоў, вёўся ў прысутнасці іншых кіраўнікоў дэлегацый удзельнікаў Садружнасці.

«Высветлілася, прэзідэнт Беларусі не ведае, што за апошнія два гады Расія аказала яму фінансавую дапамогу ў памеры 3 млрд. даляраў ЗША», — сказаў віцэ-прэм'ер.
Паводле слоў Кудрына, прэзідэнт Беларусі двойчы перапытаў яго, ці сапраўды гэта лічба адпавядае рэчаіснасці, і ўскосна выказаў здзіўленне з нагоды таго, куды ж пайшлі гэтыя грошы.

Як адзначыў кіраўнік расійскага Мінфіна, «эмацыйная прамова Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі], у якой прысутнічалі пышныя эпітэты і рытарычныя пытанні, звялася да просьбы аб выдзяленні Расіяй яшчэ аднаго крэдыту Беларусі».

5 кастрычніка Кудрын заявіў, што Расія не дасць Беларусі апошні транш крэдыту ў памеры 500 млн. даляраў, але будзе прасоўваць інтарэсы краіны па міжнароднай лініі, у тым ліку па атрыманні пазыкаў ад антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Усяго за апошнія два гады Расія сапраўды выдала Беларусі 3 млрд даляраў крэдытаў на льготнай аснове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?