photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

У вераснёўскіх рахунках за паслугі камунальнікаў некаторыя жыхары Фрунзенскага раёна Мінска знайшлі новы для сябе пункт — адлічэнні на страхаванне кватэр.

Страхаванне добраахвотнае. Але сума штомесячнага страхавога ўнёску — 3375 рублёў — пазначаная разам з коштамі вывазу смецця, тэхнічнага абслугоўвання і іншых паслуг камунальнікаў. І толькі на адвароце тлумачыцца добраахвотны характар плацяжу. Маўляў, калі не хочаце плаціць, адмінусуйце самі. А калі заплацілі, а дамовы на страхаванне не маеце, грошы пойдуць камунальнікам.

Сам факт размяшчэння добраахвотнай паслугі разам з абавязковымі лёгка можа увесці ў зман.
Асабліва старэйшае пакаленне. Якое прывыкла — раз у квітанцыі запісана, трэба плаціць. І людзі будуць плаціць аўтаматычна — сума як быццам і невялікая.

Два боханы хлеба можна набыць на тыя няпоўныя тры з паловай тысячы. А ўзамен абяцаецца шмат. Спакуслівыя лічбы. Напрыклад, сума выплаты ў выпадку нанясення шкоды для кватэры складзе 15 млн рублёў. А ў якасці такой шкоды кампанія «Прамтрансінвест», якая і займаецца новым відам страхавання, бачыць не толькі звычайныя побытавыя непрыемнасці, але нават і стыхійныя бедствы. Можна паспрабаваць атрымаць кансультацыю ў самой кампаніі, звярнуўшыся па пазначаным кругласутачным нумары.

Намеснік дырэктара «Прамтансінвеста» па пытаннях страхавання Тамара Карчэўская ў размове з «НН» патлумачыла, што

вопыт добраахвотнага страхавання жылля быў пераняты ў Маскве.
Там такім відам страхавання займаюцца пяць розных кампаній. А ў цэлым яно ахоплівае амаль палову насельніцтва расійскай сталіцы. Спадарыня Карчэўская таксама адзначыла, што новаўвядзенне не супярэчыць беларускаму заканадаўству. Пытанне па аказанні новай паслугі папярэдне ўзгаднялася з «Мінгарвыканкамам». Перад увядзеннем добраахвотнага страхавання жылля для ўсяго Мінска у Фрунзенскім раёне сталіцы быў папярэдне праведзены эксперымент. «Вынікі для людзей былі пазітыўныя. Мы ўжо пачалі выплаты па страхавых выпадках», — адзначае Т.Карчэўская.

Кампанія «Прамтрансінвест» заснаваная ў 1993 годзе і першапачаткова займалася страхаваннем авіяцыйнага транспарту. Вялікі штуршок для развіцця «Прамтрансінвест» атрымала ў 2004 годзе, калі была ўключана ў спіс шасці страхавых кампаній, якім дазвалялася ўдзельнічаць ў абавязковым страхаванні транспартных сродкаў, што выязджаюць за межы Беларусі. Менавіта «Прамтрансінвест» займалася страхаваннем беларускага касмічнага апарата — БелКА.

Сярод акцыянераў кампаніі можна знайсці як вядомыя беларускія прадпрыемствы — як «МТЗ», «БелАЗ», «БМЗ», «Белпошта», так і Кіраўніцтва справаў кіраўніка краіны.
Што, магчыма, дазволіла «Прамтрансінвесту» праявіць настолькі смелую ініцыятыву.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?