25 ліпеня: Статкевіча хочуць падлавіць
Да ўладальнікаў і работнікаў маршрутак, што трымаюць галадоўку ў Берасьці, далучыліся індывідуальныя прадпрымальнікі Вячаслаў Кухарчук і Віктар Чайкоўскі – на знак салідарнасьці. Агулам у акцыі ўдзельнічаюць 15 чалавек.
Палітвязьня Міколу Статкевіча баранавіцкія міліцыянты прымусова праверылі на ўтрыманьне алькаголю ў крыві.
Анжаліку Борыс выклікалі на допыт у Ленінскае РУУС Горадні: сьледчага цікавіла, чаму ў Польшчы яна называе сябе кіраўніцай Саюзу палякаў Беларусі.
Берасьцейскі гарвыканкам забараніў раней дазволены мітынг 27 ліпеня, дазнаўшыся, што на яго прыедзе А.Мілінкевіч.
Беларускія міліцыянты ўварваліся ў кватэру супрацоўніка латвійскага пасольства Рэймаса Шміца і канфіскавалі відэакасэты. Пазьней міністар Навумаў заявіў, што на іх была парнаграфія, а МЗС Латвіі – што запісы інфармацыйна-аналітычных праграмаў БТ.
У Салігорску падчас распаўсюду ўлётак затрыманыя Іван і Ільля Шылы, а таксама актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў.
26 ліпеня: Елавая спусьцілася на вяроўцы
Аўтамабіль Аляксандра Мілінкевіча затрымалі ў Полацкім раёне, калі ён ехаў да палітвязьня Паўла Севярынца, на падставе наяўнасьці ў машыне друкаваных матэрыялаў. У машыне былі таксама Іна Кулей, Павал Мажэйка і Аляксей Янукевіч. Пасьля складаньня пратаколу Мілінкевіч усё ж пасьпеў наведаць ссыльнага.
Да арышту прысудзілі расейцаў Мікалая Збарашэнку (15 сутак) і Кацярыну Вінакураву (10 сутак): 22 ліпеня яны пікетавалі расейскае пасольства ў Менску.
У кватэры Тацяны Елавой узламалі дзьверы. Пры гэтым сама Тацяна здолела вылезьці з кватэры, што знаходзіцца на шостым паверсе, па вяроўцы. Маці Т.Елавой, таксама Тацяну, ад кватэры забрала «хуткая»: у больніцы ёй паставілі дыягназ «нэйрацыркулярная дыстанія».
У кватэры сёстраў Алены і Кацярыны Казак правялі ператрус і ў КДБ на допыт забралі гаспадыняў. У Алены ў момант затрыманьня была тэмпэратура 39 градусаў, дома адны засталіся трое яе дзяцей (старэйшаму сыну 11 гадоў, малодшай дачцэ 5 гадоў).
У Тацяны Дзядок правялі ператрус у яе адсутнасьць: канфіскавалі архіўныя ўлёткі, газэты, дыскі з музыкай Бізэ і «Бітлз».
Усе гэтыя допыты й налёты можна зьвязаць з імкненьнем КДБ раскрыць удзельнікаў руху «Бунт».
На вуліцы затрымалі Яўгена Бабковіча і завезьлі ў ГУУС Менгарвыканкаму. Кірылу Ігнаціку на вуліцы ўручылі позву туды ж на 27 ліпеня.
Пачаўся суд у справе недзяржаўнай газетай «Витебский курьер М»: прадпрымальнік Аляксандар Данілаў лічыць, што выданьне абразіла яго, напісаўшы, што ён атрымаў зямлю пад пабудову Цэнтру моладзевага адпачынку бяз тэндэру і конкурсу.
У Горках на двое сутак арышту асуджаны Дзям’ян Франкоўскі – за нясвоечасовую выплату штрафу ў 20 базавых велічыняў; штраф на яго наклалі за распаўсюд «Народнай волі».
27 ліпеня: Дзень Незалежнасьці
У Магілёве падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці затрыманыя Ірына Качарова, Сяржук Нягацін, Сяргей Стральцоў, Аляксандар Сілкоў, Сяржук Гіркін, Ганна Ільліна, Наталлья Палякова.
У Віцебску затрымалі Алену Залескую, Веру Кавалёву і Ўладзімера Сіманковіча: іх зьвінавацілі ў арганізацыі шэсьця.
У Салігорску падчас конкурсу малюнкаў да Дня Незалежнасьці затрымалі моладзевых актывістаў П.Батуева, братоў Шылаў, Глеба Сандраса, Дзяніса Карнова, Андрэя Тычыну, Міхала Грузьдзя і Барыса Пархамчука.
У Клецку міліцыянты дапыталі актывіста АГП Сяргея Панамарова: іх цікавіла, ці мае ён дачыненьне да труны, знойдзенай у адным з грамадзкіх месцаў гораду. У труне ляжала пудзіла з гармонікам з акцыі «Пахаваньне прадпрымальніка».
У Гомелі ў пракуратуру хацелі выклікаць моладзевага актывіста Сержука Сямёнава: міліцыянт перадаваў бацькам позву на сына. Аднак бацькі яе не ўзялі, бо хлопец прапісаны ў іншым месцы. Выклік тычыцца дзейнасьці ліквідаванага ўладамі моладзевага цэнтру «Гарт».
У Менску падчас вывешваньня расьцяжкі «Бунт» затрыманыя Кацярына Фурса і Наста Чахоўская.
На эколяга Валера Дранчука падчас яго паездкі ў Белавескую пушчу склалі пратакол: яго зьвінавацілі ў парушэньні рэжыму асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў.
28 ліпеня: суд «Партнэрства»
Пачаўся суд над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» – Энірай Браніцкай, Мікалаем Астрэйкам, Аляксандрам Шалайкам, Цімохам Дранчуком. На закрытым судовым працэсе не дазволілі прысутнічаць ні сваякам, ні дыпляматам з краінаў Эўразьвязу і ЗША, ні журналістам.
31 ліпеня: шукаюць Скрабутана
Калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага аблсуду пацьвердзіла рацыю актывіста прафсаюзу РЭП Магілёўскага заводу штучнага валакна Ўладзімера Тузава: месяц таму ён выйграў суд першай інстанцыі ў сувязі зь незаконным утрыманьнем яго прэміі.
У Зэльвенскую пракуратуру выклікалі маці Яўгена Скрабутана: памочнік пракурора цікавіўся, дзе цяпер хлопец. Найхутчэй выклік зьвязаны з крымінальнай справай «Маладога фронту».
❏
Апазыцыйны актывіст Дзяніс Дзянісаў, які зьнік у Менску 22 ліпеня, аб’явіўся ў Расеі 23-га. Цяпер ён вярнуўся ў Беларусь. Дагэтуль немаведама, што ж сапраўды зь ім здарылася. На фота: Дзяніс Дзянісаў са сваёй каляжанкай Тацянай Дзядок. На наступны дзень пасьля таго, як яна напісала заяву пра зьнікненьне Дзяніса, да яе на кватэру прыйшлі зь ператрусам.
Фота Юліі Дарашкевіч