У гісторыі Польшчы шмат не вядомага для нас актуальнага. Алег Дзярновіч піша пра кнігу Мар’яна Семаковіча.

Сапраўдныя славяне

Год таму, якраз на Купальле, мне давялося быць у Кракаве. Прэзыдэнт Кракава (мэр гораду), стоячы перад сваімі суграмадзянамі на ярка асьветленым начным беразе Віслы, натхнёна заявіў: «Хто хоча адчуць сапраўднае славянства, няхай прыяжджае да нас, на нашыя сьвяты!» Гэтая фраза сталася для мяне зусім нечаканай ды прымусіла задумацца. Столькі разоў з вуснаў штатных прапагандыстаў у Менску і Маскве прыходзілася чуць пра спрадвечную славянскасьць, менавіта тут агучвалася столькі прэтэнзіяў на гістарычную славянскую спадчыну, што іншыя гульцы на гэтым полі як бы не браліся да ўвагі. Між тым, калі прыгадаць звыклы ўнівэрсытэцкі курс, то сапраўды робіцца зразумелым, што калі хто і можа прэтэндаваць на ролю прадаўжальніка славянскай традыцыі, то гэта менавіта палякі. Беларусам зь іхнымі балцкімі карэньнямі лепей увогуле памаўчаць. Расейцы з гледзішча антрапалёгіі і гісторыі імпэрыі – вельмі стракаты народ. Бальшыня ж сучасных археолягаў і этнолягаў прарадзімай славянаў (г.зн. геаграфічным рэгіёнам, дзе тыя вылучыліся з агульнага індаэўрапейскага насельніцтва) называюць Паўднёвую Польшчу – менавіта на берагах Віслы сфармавалася гэтая своеасаблівая частка індаэўрапейцаў. І менавіта палякі ў сваёй мове захавалі тыя архаічныя праславянскія рысы, якія так дзівяць іхных усходнеэўрапейскіх суседзяў – усе гэтыя насавыя он (ą), эн (ę). Старажытная кірылаўская азбука таксама мела для пазначэньня гэтых гукаў асобныя літары – так званыя «юс вялікі» і «юс малы». Але сучасныя кірылаўскія народы не захавалі такіх адметнасьцяў, таму і названыя літары мёртвыя. Канфэсійны падзел у гэтай дыскусіі ня можа быць аргумэнтам, бо гаворка вядзецца яшчэ пра тыя рысы і адметнасьці, якія сфармаваліся ў дахрысьціянскі пэрыяд.

Як выжываць пад акупацыяй

Гісторыі эўрапейскага славянскага народу якраз прысьвечана аглядная кніга «Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народу». Менавіта таго народу, які сваю індэнтычнасьць адстойваў у супрацьстаяньні зь нямецкім сьветам. І гэта ня толькі падзеі XIV–XV ці XX ст., але таксама эпізод з прымусовай германізацыяй і палітыкай «Культуркампфу» ў ХІХ ст. на тэрыторыях, якія па падзелах Рэчы Паспалітай адышлі да Прусіі.

Таксама да недастаткова вядомага на ўсходзе Эўропы належыць сюжэт з мангольскім нападам ХІІІ ст. – пасьля спусташэньня Русі нападнікі зьнішчылі таксама Кракаў і Ўроцлаў. Але менавіта ў Польшчы, а зусім не на Русі, мангольскія войскі завязьлі і ўрэшце вымушаны былі спыніць свой пераможны эўрапейскі паход.

Польская гісторыя мае ў здабытках некалькі вынаходніцтваў, якія вылучаюць іх сярод суседзяў ды ахопліваюць розныя стагодзьдзі. Вялікую дзяржаву польская эліта стварала ў меншай ступені шляхам ваенных заваёваў, але праз унійныя працэсы, уключаючы ў сваю палітычную і культурную арбіту разнастайныя балцкія, славянскія і нямецкамоўныя народы.

Вельмі пазытыўны для нас досьвед жыцьця палякаў пад акупацыяй у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Пасьля паразаў усіх паўстаньняў у асяродзьдзі лібэральнага мяшчанства, буржуазіі і землеўладальнікаў, зацікаўленых у пабудове сучаснага грамадзтва, была сфармулявана праграма «арганічнае працы» ва ўсіх галінах жыцьця. Паводле гэтай канцэпцыі, у эканоміцы стаўка была зробленая на ўласныя матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы. І той пэрыяд стаў часам інтэнсіўнага разьвіцьця польскай індустрыі і буржуазіі. У сфэры навукі ідэі «арганічнай працы» паспрыялі стварэньню культурна-адукацыйных установаў, якія фінансаваліся заможнымі палякамі. У галіне культуры «арганічная праца» сутыкнулася зь перашкодамі з боку цэнзуры і паліцыі. У школьнай справе стаўка была зроблена на падпольнае навучаньне і хатнюю адукацыю. Можна сьцьвярджаць, што, калі ў 1914–1918 гадах у Эўропе поруч зь вялікімі катастрофамі надышлі і грандыёзныя перамены, польскае грамадзтва было да іх падрыхтаванае – палякам засталося толькі пачапіць кукарды, а ўсе іншыя грамадзкія і палітычныя інстытуты ў іх ужо ў той ці іншай форме функцыянавалі. Безумоўная адметнасьць польскай гісторыі найноўшага часу – заключэньне кампрамісу падчас круглага стала 1989 г. і мірны пераход ад таталітарнага сацыялізму да дэмакратыі.

Як у вас, так і ў нас

У польскай гісторыі мы можам знайсьці і падказкі да некаторых балесных беларускіх пытаньняў. Беларускія гісторыкі, прычым адрознай палітычнай скіраванасьці, ужо сфармавалі нашыя ўяўленьні пра адарванасьць шляхецкіх рэвалюцыянэраў ХІХ ст. ад народу, чым, маўляў, была прадвызначана слабасьць далейшага нацыянальнага руху. Але тут я проста працытую з анатаванай кніжкі эпізод пра паўстаньне 1846 г. у Заходняй (польскай частцы) Галіцыі і вакол Кракава: «Падпольшчыкі не інфармавалі сялянаў аб мэтах паўстаньня, а абвешчаны 21 лютага 1846 г. Нацыянальным урадам Польскай Рэчы Паспалітай «Маніфэст да польскага народу», які заклікаў да барацьбы за нацыянальнае вызваленьне, сяляне сустрэлі абыякава. Аўстрыйскія ўлады выкарысталі гэтую сытуацыю пасьля няўдалага наступленьня паўстанцаў на Тарнаў, арганізаваўшы ўзброенае выступленьне сялянаў супраць галіцыйскай шляхты – так званы бунт Якуба Шэлі. Пачаліся масавыя забойствы землеўладальнікаў, зьнішчалася іх маёмасьць, асабліва ў Тарноўскім ваяводзтве. Загінула каля 1000 чалавек, было спалена каля 450 маёнткаў». Мне здаецца, што ў свой час мы захапіліся нацыянальным прачытаньнем гісторыі ды забыліся на сацыяльныя фактары і супярэчнасьці. Гэтым самым мы адчынілі шлюзы для новых нацыянальных комплексаў.

Далікатная тэма Рэчы Паспалітай

Вось яшчэ адна тэма, якой нам ня ўнікнуць – статус ВКЛ у польскай гістарычнай сьвядомасьці. Як бы мы да гэтага ня ставіліся, але Вялікае Княства ўспрымаецца палякамі як частка польскай гісторыі. З гэтых пазыцыяў і напісана кніжка. Падставы для такіх высноваў сапраўды ёсьць – стагодзьдзі суіснаваньня ў фэдэрацыі, пашырэньне ў Вялікім Княстве польскай культуры і мовы, наяўнасьць вытокаў многіх польскіх шляхецкіх родаў менавіта з ВКЛ. Але ня будзем забывацца, што ў гэткай «польскасьці» была таксама закладзена пастка для Рэчы Паспалітай. Сапраўды, у канцы XVI–XVII ст. слова «польскі» стала выконваць функцыю прыметніка да назвы фэдэрацыйнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай, і ў гэтым хаваліся нутраныя супярэчнасьці з прычыны супадзеньня агульнадзяржаўнага акрэсьленьня з канкрэтным этнічным, што не магло быць фактарам кансалідацыі фэдэрацыйнай дзяржавы. Як аналяг можна прыгадаць прыметнік «брытанскі», які з пачатку XVIII ст. ахопліваў ня толькі Ангельшчыну і Валію, але таксама Шатляндыю. Брытанскі варыянт апынуўся больш жыцьцёвым. Зрэшты, сёньня і шатляндцы не называюць сябе брытанцамі. Заканчваючы гэтую дыскусійную тэму, я прапаную больш мяккую фармулёўку – гісторыя ВКЛ мае дачыненьне таксама і да польскай гісторыі.

Менск без барока

Але беларуская праблематыка зусім не галоўная ў кніжцы з польскай гісторыі, што адлюстравалася і ў мапах, якімі так багатае гэтае выданьне. Вядома, перад складальнікамі мапаў стаяла задача адлюстраваць рэаліі найперш польскіх тэрыторыяў. І, напрыклад, на тэматычнай мапе Рэчы Паспалітай «Помнікі культавага дойлідзтва эпохі барока» Менск рэпрэзэнтаваны зусім сьціпла – безь ніякага пазначэньня бэрнардынскіх, езуіцкага, дамініканскага... баракальных ансамбляў. Добра, што гэтую мапу ня бачаць фундатары гэтых помнікаў Аляксандар Слушка ды менскі ваявода Крыштап Завіша. Яны палічылі б несправядлівым маўчаньне пра іхную дзейнасьць.

Кніга «Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народу» выйшла пад эгідай Міністэрства замежных справаў Польшчы і гэтым самым як бы рэпрэзэнтуе найбольш стрыманы, «афіцыйны» погляд. Але ж і ў такім варыянце яна стварае поле для дыскусіяў і правакуе на пошук аналёгіяў. Жывая энэргетыка польскай гісторыі часам стварала праблемы самім палякам. Мы можам зайздросьціць ці крытыкаваць, але мой прагноз наступны: цікавасьць беларускага грамадзтва да польскай гісторыі будзе паглыбляцца.

Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народу.Х–ХХІ стст. / Рэд. і ўкл. тэксту Мар’ян Семаковіч;

Пер. з польск. Ганна Цішук. МЗС Рэспублікі Польшча; Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь; Польскі інстытут у Менску. – Варшава: Demart Sp. z o., 2005. – 312 с., карты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0