Музычны крытык Вітаўт Мартыненка сабраў увесь беларускі рок пад адной вокладкай.

Фота Андрэя Лянкевіча

Кніга складаецца з рэцэнзій двух музычных журналістаў, надрукаваных за апошнія дваццаць гадоў у айчыннай прэсе.

Сьціплай старонкі зьместу пры канцы яўна не хапае для таго, каб зарыентавацца ў чатырох сотнях старонак. Няма паказьніка па прозьвішчах і назвах – няясна, дзе шукаць таго ці іншага выканаўцу. Зрэшты, і самі аўтары пазыцыянуюць выданьне як «кнігу-экспэрымэнт».

Аўтары ўзялі толькі друкаваныя раней матэрыялы і нічога адмыслова для кнігі не дапісвалі. Таму адчуваецца часавая прарэха ў надта цікавы пэрыяд – 1994–1997 гады (Вітаўт і Анатоль тады адышлі ад музычнай журналістыкі). Адпаведна, колькі альбомаў альбомаў «Крамы», «Новага неба» ды іншых папросту выпалі з кнігі. Рэцэнзій на альбомы «Rouble Zone», Шадзька, «Ляпіса Трубяцкога», «Drum Ecstasy» і да т.п. у кнізе таксама не сустрэнеш. Для аўтараў галоўны крытэр выбару – беларуская мова. Хоць незразумела, за што пацярпелі бубначы-інструмэнталісты. Вітаўт у прыватнай размове растлумачыў, што ў іх ніводнага слова па-беларуску на вокладцы дыску не напісана. Чаму тады адрэцэнзаваны такі самы ў аздабленьні альбом гурту «Князь Мышкін»? Няясна. А што рабіць зь «Ляпісамі», якія ўзялі ды засьпявалі на «Залатых яйках» пару песень па-беларуску (як і прысутны тут «Нэйра дзюбель» прыкладна ў гэты ж час)? Няясна, чаму ў адзін з разьдзелаў трапілі рэцэнзіі на ўкраінскія гурты «Воплі Відаплясава», «Тартак», а шмат у чым паказальныя ўкраінцы «Плач Ераміі» ці «Акіян Эльзы» ня згадваюцца. Дый і наагул няясна, навошта ў кнігу, прысьвечаную беларускаму року, уключаць рэцэнзіі на тры ўкраінскія, тры нямецкія і адзін чэскі дыск. Становіцца зразумела зноў жа пры размове з аўтарам: гэта кніга рэфлексій на тыя дыскі/касэты/кружэлкі/бабіны, якія праслухалі аўтары. Добра, а чаму няма матэрыялаў пра «бітлоў» з «ролінгамі»?..

Аднак усе гэтыя заўвагі, па сутнасьці, нічога ня вартыя, бо выхад «222 альбомаў» – зьява выключная. Айчыннай культур-журналістыцы не ставала вось такога грунтоўнага тома, які ня згубіцца на палічцы побач зь іншымі таўшчэзнымі выданьнямі. Магчыма, што гэтае выданьне прастымулюе попыт на беларускія дыскі (хаця можа быць і наадварот), а кагосьці зарыентуе ў нашай музыцы. Зрэшты, лепшага за гэтую кнігу на акрэсьленую тэму нічога больш няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?