Злачынца павінен сядзець у турме. А яшчэ лепш яго лінчаваць. Піша Віталь Тарас.

«А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, веруючых у Мяне, таму лепей было-б, калі павесілі-б яму млынавы камень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской. Гора свету ад спакусаў, бо спакусы мусяць прыйсці, але гора таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць».

Евангелле ад Мацвея (18:6-7)

Гісторыя Драсюса Кядзіса, чатырохгадовую дачку якога згвалтавалі і які забіў за гэта акруговага суддзю ў Коўне і 30-гадовую жанчыну, усхвалявала не толькі ўсю Літву. Артыкул Сяргея Шупы пра гэта выклікаў шматлікія водгукі ў беларускім сеціве. Нататку пра Кядзіса, якога называюць ледзве не «народным мсіцўцам», надрукавала і газета «СБ. Беларусь сегодня».

Між тым, гэтую гісторыю нельга назваць абсалютна ўнікальнай. Летась суд у Санкт-Пецярбургу даў 2,5 гады строгага рэжыму былому баксёру, які забіў меркаванага гвалтаўніка яго васьмігадовага прыёмнага сына. Па словах асуджанага, ён убачыў у пад’ездзе свайго дома незнаёмага чалавека, які спрабаваў згвалціць хлопчыка, і некалькі разоў ударыў незнаёмца. Чалавек (гэта быў малады узбек) памёр на месцы.

Увогуле, тэма педафіліі займае ўсё больш месца ў прэсе. Днямі ва Украіне атрымала розгалас крымінальная справа аб гвалтаванні дарослым хлопчыка-сіраты ў дзіцячым лагеры «Артэк» у Крыме. У патуранні злачынству абвінавачваюцца супрацоўнікі гэтай установы, у тым ліку лекар.

А ва Ульянаўскай вобласці Расіі завяршылася расследаванне крымінальнай справы педафіла-царкоўніка. Іпадыякан і панамар праваслаўнага храма ў Дзімітраўградзе абвінавчваецца ў гвалце над дваццацю дзецьмі. У мінулым яго ўжо судзілі за распусныя дзеянні ў дачыненні да падлеткаў з хакейнай каманды, дзе ён быў трэнерам. Агульная колькасць ахвяраў маньяка — каля пяцідзесяці чалавек.

Нядаўна ў ЗША нечакана знайшлася Джэйсі Лі Дагерд, скрадзеная... васемнаццаць гадоў таму. Выкраданне адбылося на курорце Саўт-Лейк-Таха, калі адзінаццацігадовая Джэйсі стаяла на аўтобусным прыпынку, на вачах у айчыма. Той не змог дагнаць аўтамабіль злачынцы. Васемнаццаць гадоў айчыма падазравалі ў тым, што ён выкраў і забіў сваю падчарку, пакуль у паліцыю выпадкова не зайшоў гэтым летам нехта Філіп Гарыда. З ім была... Джэйсі. Гарыда прызнаўся ў тым, што ўвесь гэты час ён трымаў яе ў сябе ўдома. І гэта пры тым, што ён быў у мінулым асуджаны за выкраданне і згвалтаванне маладой жанчыны і пасля ўмоўна-датэрміновага вызвалення заставаўся пад наглядам паліцыі — у Гарыда быў адмысловы датчык на назе, які даваў магчымасць пільнаваць яго дзень і ноч! Джэйсі Лі Дагерд, якой хутка будзе трыццаць, нарадзіла ад злачынцы двух дзяцей. Яна ніколі не спрабавала ўцячы ці хоць бы набраць 911...

З дыктафонам пад сутанай

Шмат піша прэса і наконт праблемы сэксуальных дамаганняў да дзяцей з боку святароў. Летась Папа Рымскі Бенедыкт XVI падчас свайго апостальскага візіту ў ЗША сустракаўся з сем’ямі ахвяраў педафіліі і ад імя Касцёла выказаў глыбокія прабачэнні перад амерыканцамі за сэксуальныя скандалы з удзелам высокапастаўленых святароў. Пазней, падчас візіту ў Аўстралію, Папа Рымскі казаў «пра сорам, якія мы ўсе адчувалі» і заклікаў прыцягнуць да адказнасці святароў-педафілаў. Бенедыкт XVI сказаў, у прыватнасіц, што ён «глыбока засмучаны болем і пакутамі, з якімі давялося сутыкнуцца ахвярам».

Лічыцца, што педафілія распаўсюджана галоўным чынам сярод каталіцкага клеру, дзе дзейнічае цэлібат — забарона на сексуальныя адносіны. Але гэта не болей, чым адзін з распаўсюджаных міфаў. (Пра што сведчыць прыклад іпадыякана з Дзімітраўграда.) Проста Ватыкан апошнім часам шмат увагі надае гэтай праблеме, спрабуе яе неяк вырашаць.

Але грамадства нават у каталіцкіх краінах настроена ў гэтых адносінах агрэсіўна.

Мяне ўразіла нядаўняе паведамленне ў польскай прэсе пра журналіста, які запісаў сваю споведзь на дыктафон. Рэпарцёр антыклерыкальнай газеты «Факты і міфы», імя якога не называецца, прыйшоў у касцёл у вопратцы святара і сказаў падчас сваёй «споведзі» клерыку, што падчас эксурсіі на мора нібыта збэсціў дзяўчынку-падлетка. Святар адпусціў яму грахі, нічога не спытаўшы пра дзяўчыну. Журналіст апублікаваў запісаны на стужку дыялог. За гэта ён быў адлучаны ад касцёла біскупам Пятром Ліберам. «Таямніца пакаяння — сказаў ён, заслугоўвае найвялікай пашаны. — Любая прафанацыя гэтага святарнага дзеяння заслугоўвае суровага пакарання, а выкарастанне яго ў няшчырай, цынічнай гульні, скіраванай супраць клерыка, які прымае споведзь, можна параўнаць толькі з блюзнерствам у дачыненні да Святых Дароў».

Тут узнікае старое, як свет, пытанне пра суадносіны злачынства і пакарання. Ці можна змагацца з грахом амаральнымі метадамі? Ці можна перамагчы гвалт гвалтам, нават калі ён здзяйсняецца ў імя «добрых мэтаў»? У сойме каталіцкай Літвы, краіны Еўразвяза, і ў Думе аўтарытарнай Расіі амаль адначасова прымаюцца да разгляду аналагічныя законапраекты — аб увядзенні прымусовай кастрацыі.

Скальпелем па...

Паводле словаў кіраўніка службы камунікацыі аддзелу замежных царкоўных зносін Маскоўскага патрыярхата Міхаіла Пракапенкі, царква асуджае кастрацыю, у тым ліку і добраахвотную. «З дапамогай чаго б яна ні рабілася — скальпеля, распаленага жалеза ці якога-небудзь медыкамента, гэта не збаўляе чалавека ад бруду ў думках, не спыняе гэты бруд і не ацаляе ад грахоўнай пашкоджанасці чалавека, яго схільнасці да граху, — сказаў святар на адной з прэс-канферэнцый. — Крыніцай злых помыслаў і справаў, у тым ліку пачварных злачынстваў супраць дзяцей, ёсць заражанае грахом сэрца, то бок існасць душы і духоўнага жыцця чалавека, непадуладнага ні скальпелю, ні дзеянню стэрылізуючага прэпарата».

Сучаснаму грамадству няма часу задумвацца над паняццем граху — яно хоча хуткага і адназначнага выніку для ўсіх. Загана павінна быць пакарана. Злачынца павінен сядзець у турме. А яшчэ лепш яго лінчаваць. Царква бачыць корань зла ў засіллі эротыкі ў рэкламе, парнаграфіі ў сеціве, у сучаснай літаратуры і мастацтве. Мы ўсе схільныя шукаць прычыны ў нейкіх вонкавых фактарах, у іншых людзях. І ніколі — ў саміх сябе.

Калі я напісаў у «Нашай Ніве» пра Рамана Паланскага, які быў арыштаваны ў Швэйцарыі (і які чакае там у турме дэпартацыі ў ЗША), было даволі шмат гнеўных водгукаў. Як можна апраўдваць чалавека, які займаўся сэксам з непаўналетняй дзяўчынай — хай сабе гэта было трыццаць гадоў таму і хай сабе ахвяра даўно даравала тое злачынцу? І хоць справа Паланскага адрозніваецца ад выпадкаў, якія згадваліся вышэй, я яго не апраўдваю. Гэта можа зрабіць толькі суд, а не натоўп, які прагне хлеба і відовічшаў. Мне хацелася звярнуць увагу на трагічнасць лёсу мастака, які здзейсніў памылку — што, як вядома, горш за злачынства. І за якую ён можа прасіць даравання, насамрэч, толькі перад Богам.

На Захадзе праблему прынамсі не хаваюць, яе абмяркоўваюць. Крымінальная статыстыка там адкрытая для прэсы.

Гадоў сорак таму ў Мінску двух супрацоўнікаў БТ застукалі падчас сэксу са школьнікамі, запрошанымі для ўдзелу ў дзіцячай перадачы. У прэсе пра гэта не было ні слова. Выглядае, што з таго часу стаўленне да гэтай праблемы мала змянілася. Яна ў асноўным замоўчваецца. Сітуацыя ў чымсьці падобная да сітуацыі са смяротным пакараннем. Толькі нядаўна ў адкрытай прэсе ў Беларусі сталі называць лічбу пакараных смерцю. Магчыма, праз адсутнасць афіцыйных звестак пра колькасць выкрадзеных і згвалтаваных у нашай краіне дзяцей нам падаецца, што сітуацыя ў нас лепшая, чым у суседніх Літве ці ў Расіі.

Летась, як мы памятаем, Аляксандр Лукашэнка прэзідэнцкім указам памілаваў забойцаў вясковага бамжа, іншымі словамі — падонка грамадства. То бок, злачынцаў, якія ўчынілі над ім самасуд, можна лічыць героямі. Таксама, як і «Робін Гуда» з Коўна.

P.S. У любой еўрапейскай краіне гісторыя, падобная да гісторыі з Кядзісам, прывяла б да адстаўкі, як мінімум, генпракурора і міністра ўнтураных спраў. Аўтаматычна. Відаць, Літоўская Рэспубліка пакуль не стала яшчэ такой краінай. Магчыма, таму яе кіраўніцтву лягчэй за іншых у ЕС знаходзіць супольную мову з кіраўніком Беларусі.

* * *

Загаловак ад Рэд. Аўтарскі загаловак — «Новы Робін Гуд»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?