Фінал манеўраў АДКБ на казахстанскім палігоне Матыбулак прайшоў 16 кастрычніка без Аляксандра Лукашэнкі. Назло Маскве ён праігнараваў апафеоз грандыёзнага мерапрыемства з сімвалічнай назвай «Узаемадзеянне-2009», на які запрашаліся прэзідэнты ўсіх сямі краін арганізацыі.

Гэта азначае, што беларускі партнёр так і не атрымаў ад Масквы здавальняючага адказу на сваё пытанне, зададзенае пару месяцаў таму: «За што мусяць гінуць мае хлопцы, калі раптам?».

Эксперты падкрэсліваюць: у Мінска няма стратэгічных інтарэсаў у далёкай і выбухованебяспечнай Цэнтральнай Азіі. АДКБ, і асабліва яе задуманы ўдарны кулак — Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання — гэта найперш праект Масквы. Для Расіі цэнтральнаазіяцкі рэгіён — мяккае падбрушша, якому пагражаюць, у прыватнасці, ісламскія радыкалы, адзначае мінскі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін.

Беларускае ж кіраўніцтва калі і гатова сімвалічна падтрымаць КСАР (прагназавалася, што менавіта на Матыбулаку Лукашэнка падпіша пагадненне на гэты конт), то не задарма.

Між тым перамовы прэм'ераў Сідорскага і Пуціна на пачатку кастрычніка па комплексе балючых пытанняў гандлёва-эканамічных узаемадачыненняў скончыліся пшыкам.

Узняла градус скандальнасці ў стасунках саюзнікаў і сутычка Лукашэнкі з «казначэем Пуціна» — міністрам фінансаў Аляксеем Кудрыным на саміце СНД у Кішынёве 9 кастрычніка. Беларускі прэзідэнт дэ-факта абвінаваціў Маскву ў прагнасці. Кудрын жа выставіў апанента, мякка кажучы, некампетэнтным чалавекам. Не ведае, маўляў, куды пайшлі ўжо выдадзеныя Расіяй за апошнія два гады тры мільярды долараў, а просіць яшчэ! Карацей, посуд ушчэнт. Гэта называецца — пагаварылі аб супольных антыкрызісных мерах…

У выніку Лукашэнка зноў ударыў пад дых. Вайсковая супраца — асабліва адчувальная для расійскіх элітаў сфера.

Згадайма: калі ў чэрвені беларускі афіцыйны лідэр такім жа чынам байкатаваў саміт АДКБ у Маскве, там хутка згарнулі малочную вайну і далі зялёнае святло беларускай смятане. Цяпер вось няхай зноў пачухаюцца — такая, мабыць, логіка беларускага боку. А што, на вайне як на вайне.

Бо беларускі ўрад цяпер і сапраўды як той Хлапчыш-Кібальчыш: нам бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца. Крызіс падкасіў даходы ад экспарту, плацёжны баланс валіцца, а тут яшчэ Расія кажа «ад вінта!»: заціснула траншу крэдыту, загароджвае рынкі ад нашага тавару, пагражае вуснамі Мілера ўзняць цану на газ… Так выглядае сітуацыя вачыма беларускага кіраўніцтва.

І што, на гэтым фоне — як ні ў чым не было рэпеціраваць баі з маджахедамі ў чорта на рагах?

Карацей, на «Узаемадзеянні-2009» беларускіх байцоў не аказалася.

Чаго ж чакаць, калі развеецца парахавы дым над Матыбулакам?

Беларускі ўрад ужо распрацаваў сцэнарый зімоўкі «ва ўмовах магчымага скарачэння паставак энерганосьбітаў» (карацей, калі адсякуць газ). Робяцца запасы паліўнага мазуту і г.д.

Зрэшты, перспектыва газавай вайны не фатальная.

Масква ўжо наступала на гэтыя граблі. А тут яшчэ канфлікт з Кіевам намячаецца. Дарэчы, на саміце СНД у Кішынёве Лукашэнка дэманстратыўна братаўся з Юшчанкам, пасылаючы Маскве сігнал аб магчымым транзітным альянсе супраць яе.

Так што расійскім і беларускім вялікім начальнікам зноўку давядзецца дамаўляцца, крыва ўсміхаючыся і душачы сапраўдныя пачуцці адзін да аднаго.

Між іншым цяперашні дэмарш Лукашэнкі паказвае: калі ў яго і быў разлік убіць клін паміж Мядзведзевым і Пуціным, то нумар не прайшоў. Памятаеце салодкую ідылію на манеўрах «Захад-2009», калі расійскі дзядзька-прэзідэнт любаваўся пазалочаным пісталецікам Лукашэнкі-малодшага? Пастфактум Лукашэнка-тата ўсяляк усхваляў калегу Мядзведзева, з якім лёгка зварыць кашу, а паралельна лілася плынь, мякка кажучы, негатыву на адрас расійскага прэм’ера, які, маўляў, наадварот, толькі ставіць палкі ў колы братэрскай інтэграцыі.

Але як ні ўсхваляй братэрства па зброі, а матэрыя першасная. Паколькі каса ў Пуціна, то «разводка» не працуе.

І ўжо цяпер «на пяцістах мільёнах долараў крэдыту дакладна можна ставіць крыж», гаворыць мінскі палітолаг Андрэй Фёдараў.

Аднак грошы патрэбны, і тут позіркі беларускага начальства павернуты на Захад. Ужо дае крэдыт МВФ, саспявае для «праплаты» Еўразвяз. «Логіка канфлікту з Масквой спрыяе плаўнаму еўрапейскаму трэнду Беларусі», — мяркуе Фёдараў.

І тут вось які цікавы момант абмалёўваецца.

У лістападзе, як вядома, Радзе Еўразвязу давядзецца вырашаць, што далей рабіць з замарожанымі санкцыямі супраць беларускага начальства. Хатняе заданне на прадмет дэмакратызацыі Мінск пакуль што завальвае. Гадзіннік цікае, а зрухаў (зменаў выбарчага заканадаўства, больш мяккіх умоў для партый, СМІ, трэцяга сектара і г.д.) усё няма.

Лукашэнкава ўпартасць зразумелая: ну не любіць, не любіць ён гэтых гнілых ліберальных штучак!

Аднак жа і прагматычны Брусель не напірае. Яму важны перш за ўсё геапалітычны зрух Беларусі.

У вярхах ЕС разважаюць прыблізна так: белага ды пухнатага дэмакрата з Лукашэнкі ўсё адно не атрымаецца, а вось за тое, што ўпіраецца рогам супраць Масквы, трэба аддаць належнае.

Так што ў Мінска ёсць шанец на элегантную падмену:

замест унутранай лібералізацыі прадаць Бруселю геапалітычны трэнд, пры тым што ён пакуль эфемерны. Ну, канечне, давядзецца па дробязях дадаць ліберальнай касметыкі — кшталту рэгістрацыі нейкай андэграўнднай партыі.

Ну а ў дзень фінальнай фазы манеўраў АДКБ Лукашэнка дэманстратыўна паехаў інспектаваць мінскі гадзіннікавы завод «Прамень».

Вось такая гадзіннікавая міна пад «братэрства па зброі». Маўляў, хочаце яго захаваць — чухайцеся, хлопцы!

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0