Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футболу» накіравала ў клубы вышэйшай лігі праекты правядзення чэмпіянату краіны 2010 года.

Новы футбольны сезон мяркуецца пачаць 7 ці 8 сакавіка матчам за Суперкубак краіны, у якім сустрэнуцца чэмпіён Беларусі — барысаўскі БАТЭ і ўладальнік Кубку Беларусі 2009 года наваполацкі «Нафтан». Да канца сакавіка пройдуць чвэрцьфінальныя і паўфінальныя матчы розыгрышу Кубку Беларусі 2009‑2010 гадоў.

Пачатак 20‑га па ліку нацыянальнага першынства запланавана на 3‑4 красавіка. У ім возьмуць удзел 12 клубаў замест сённяшніх 14, таму разглядаецца два варыянты правядзення чэмпіянату.

Згодна з першым, спаборніцтвы праводзяцца праводзяцца ў тры колы.

Напачатку каманды праводзяць класічны двухколавы турнір — гульні дома і ў гасцях. Затым складаецца турнір 3‑га кола.

Клубы згуляюць паміж сабой яшчэ па разу, прычым каманды, што зоймуць па выніках 2‑га кола месцы з 1‑га па 6‑е, правядуць на адзін хатні матч больш, чым астатнія. У гэтым выпадку ўсе ўдзельнікі вышэйшай лігі згуляюць у чэмпіянаце 33 гульні.

Другі варыянт прадугледжвае турнір у два этапы.
На першым, папярэднім, каманды згуляюць паміж сабой у два кругі — дома і ў гасцях. Затым клубы, што зоймуць першыя шэсць месцаў, з улікам усіх набраных пунктаў праводзяць паміж сабой яшчэ адзін двухкругавы фінальны турнір. Такі ж аўтаномны турнір і таксама з усімі набранымі баламі правядзе і другая шасцёрка камандаў.

Пры такім варыянце ўдзельнікі нацыянальнага першынства правядуць па 32 гульні.

Незалежна ад таго, які варыянт будзе абраны, па выніках чэмпіянату Беларусі вышэйшую лігу пакіне адна каманда, якую заменіць найлепшы калектыў 1‑й лігі.

Плануецца, што канчатковае рашэнне будзе прынята на нарадзе трэнераў каманд у лістападзе, паведамляе БЕЛТА.

***

Паводле першага варыянту — 12 камандаў у тры колы (33 гульні) — праводзяцца чэмпіянаты Даніі, Харватыі, Албаніі.

Чэмпіянат Шатландыі — дзе таксама гуляюць 12 каманд — таксама праводзіцца ў тры колы (33 гульні), потым каманды разбіваюцца на шасцёркі, якія гуляюць у адно кола.

Такім чынам каманды там праводзяць 38 гульняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0