Ілюстрацыя molgvardia.ru

Ілюстрацыя molgvardia.ru

«Для мяне не існуе такой краіны, як Беларусь», — давялося пачуць тры гады таму ад брытанскага бізнэс‑трэнера, які ганарыўся тым, што выкладаў амаль ва ўсіх краінах Еўропы. Дакладней, ва ўсіх, акрамя Беларусі.

Ізаляваная выспа між Еўразвязам і як‑ніяк інтэграванай ў сусветную эканоміку Расіяй, Беларусь сапраўды не існавала тады для міжнароднага бізнэсу.

За тры гады памянялася многае. Беларускія ўлады пачалі выказваць намеры дыверсіфікаваць стасункі з Захадам, прыцягнуць інвестыцыі, прыватызаваць буйныя прадпрыемствы. Але Беларусь так і застаецца «невядомай зямлёю» для міжнароднай інвестыцыйнай супольнасці.

Адыграў ролю фінансавы крызіс, на разгар якога прыйшоўся вымушаны піяраўскі «выхад у свет». Рэзка зменшылася колькасць інвестараў і вырасла колькасць аб’ектаў для інвеставання ў не такіх рызыкоўных краінах, як Беларусь.

Варта аддаць ураду належнае: эканамічная лібералізацыя хоць часам і спіной наперад, але ідзе. Прагучала заява пра выхад беларускіх кампаній на заходнія рынкі капітала. Вядуцца перамовы пра тэндэр сярод замежных інвестыцыйных банкаў на кансультаванне ўраду Беларусі ў пытаннях прыватызацыі. Асобныя інвестары наладжваюць сумесныя прадпрыемствы ў краіне. А пачатак месяца адзначыўся навіной, што Белтэлекам, тэлекамунікацыйны манапаліст, можа быць ці то выстаўлены на продаж, ці то акцыянаваны да канца года.

Адставанне расце кожны дзень

Нягледзячы на рост агульнага рэйтынгу паводле даклада Doing Business, Беларусь, паводле таго ж даследвання, мае найгоршую ў свеце (!) падатковую сістэму і знаходзіцца ў хвасце паводле ўзроўню абароны інвестыцый. Пакуль тут не будзе прагрэсу і не знікнуць атавізмы савецкай эканомікі, кшталту рэгулявання цэнаў, інвестары ў краіну не пойдуць.

Улады, падобна, паставілі фармальную мэту папраўляць па два‑тры пункты Doing Business за год: летась рэзкі рывок быў па рэгістрацыі маёмасці і выдачы дазволаў на будаўніцтва, сёлета — па рэгістрацыі прадпрыемстваў. Мо да восені 2010 года дачакаемся прагрэсіўных зменаў у падатковай сістэме, міжнародным гандлі ці абароне інвестараў — ключавых для эканомікі характарыстыках.

Паралельна ствараецца ўражанне, што прагрэс рынкавых рэформаў больш звязаны з выкананнем фармальных крытэраў Doing Business і ціскам з боку Міжнароднага валютнага фонду, чым з усведамленнем неабходнасці гэтых рэформаў для Беларусі.

Гэта тычыцца і прыватызацыі, дзе ўрад марудзіць з прыняццем ключавых законадаўчых актаў. Перамовы аб частковай прыватызацыю МАЗ, БелАЗ, шэрагу стратных прадпрыемстваў — вядуцца кулуарна і непразрыста. Ці можа інвестар мець пэўнасць у такой сітуацыі? Да канца году два з паловай месяцы, а грамадскасць яшчэ не атрымала справаздачы, як выконваецца план па прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў на 2009 год — як не ўбачыла і вынікаў за 2008 год.

Савецкая культура мэнэджмента нават на буйных прадпрыемствах, няздольнасць дзейнічаць ва ўмовах рынкавай эканомікі дрэннае валоданне англійскай мовай — у гэтых важных аспектах Беларусь застаецца ці не найбольш адсталай у Еўропе. Адставанне расце кожны дзень, што прадпрыемствы не прададзеныя прыватнаму інвестару, які б мог перабудаваць бізнэс на сучасны лад. З ростам адставання падае цана прыватызацыі — то бок патэнцыйны прыбытак дэфіцытнага дзяржаўнага бюджэта.

«Белшына» на Варшаўскай біржы

Для поспехаў эканамічных пераўтварэнняў павінна быць створаная агенцыя па прыватызацыі і прыцягненьню замежных інвестыцый, якая б кансультавала замежнікаў і ў адкрытым рэжыме інфармавала грамадскасць аб прагрэсе ў прыватызацыі дзяржаўнай прамысловасці.

Не зусім зразумела, які плён далі невядомыя сумы, выдаткаваныя на брытанскага піаршчыка — арганізаваныя агенцыяй лорда Бэла інтэрв’ю ў заходніх медыях хутчэй мелі характар забаўнае экзотыкі. Складана казаць пра эфект у справе паляпшэння інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі. Пэўна, піяр‑эфект меў сам факт заключэння кантракта з Бэлам. Іншым эфектам стала ўсведамленне, што перш чым займацца піярам, неабходна стварыць тое, што ўласна патрабуецца піарыць.

Было б цікава, калі б урад правёў хаця б адно пілотнае публічнае размяшчэнне акцый буйнага прадпрыемства, скажам, «Белшыны» на найбліжэйшай да Беларусі — Варшаўскай фондавай біржы. Хапіла б рэсурсаў, каб хаця б на адно дзяржпрадпрыемства наняць якасных кансультантаў. Паралельна ў рамках такога case study можна было б адладзіць заканадаўства, якое б дазволіла максімізаваць патэнцыйную цану пранаваных на рынку актываў.

Варта выкарыстоўваць досвед суседзяў і прыцягваць да кансультацый паспяховых усходнееўрапейскіх рэфарматараў: Марта Лара, Вацлава Клаўса, Каху Бендукідзэ. Тым болей — міжнародна прызнаных айчынных эканамістаў кшталту Яраслава Раманчука ці Алега Цывінскага. Рэалістычнасць гэтага варыянта дзеянняў, на жаль, пад пытаннем.

Крок у незваротнасць

Калі не даводзіцца разлічваць на вяртанне да палітычна матываванага спонсарства з боку Расіі, няма выйсця, акрамя прыцягнення замежных інвестараў і мабілізацыі прадпрымальніцкага патэнцыялу нацыі. А апошняе магчыма выключна праз пашырэнне эканамічнай свабоды.

Прынята лічыць, што эканамічная свабода немінуючы вядзе да свабоды палітычнай. На самой справе патрабаванне палітычнай свабоды можа быць выстаўленае толькі пасля таго, як у краіне з’явіцца слой заможных прадпрымальнікаў, незалежных ад дзяржавы. Маем прыклад сучаснай Расіі, дзе сітуацыя з правамі чалавека, паводле міжнародных арганізацый, мала лепшая, чым у Беларусі, але ўмовы вядзення бізнэса спрыяльнейшыя.

Беларускія ўлады маюць магчымасць пераглядзець сацыяльны кантракт з грамадствам у бок стымуляцыі прадпрымальніцтва, перафакусавання на актыўныя і маладыя групы насельніцтва — як у Расіі. Гэта няпростая, але выйгрышная для ўлады задача.

Калі трансфармацыя эканомікі пойдзе належным чынам і краіна пазбегне сур’ёзных эканамічных шокаў, сённяшні рэжым будзе мець час падладзіцца пад новыя ўмовы і, магчыма, падрыхтавацца да паступовага ўвядзення элементаў плюралістычнай дэмакратыі — для пачатку хаця б на мясцовым узроўні, да чаго будуць схіляць заходнія партнёры. З прагрэсам рэформаў сама наменклатура будзе прыстасоўвацца да іх і пачне быць зацікаўленай у іх.

Рэформы ў Беларусі не набралі належнага тэмпу, формы і празрыстасці — што для беларускага грамадства, што для міжнароднай супольнасці. Але ёсць падстава для аптымізму: яны набылі незваротны характар. Эфект ад палітычных і эканамічных рашэнняў адчуваецца не адразу. Але ёсць спадзяванне, што пасля згубленых пятнаццаці гадоў краіна ўстала на рэйкі канструктыўнага развіцця.

Алесь Чайчыц, Масква

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0