Г.Дзісна, Віленск. Губ. Сьмешна сказаць, як людзі ацэніваюць адзін другога. Як запытаешся: хто ў нас важнейшы? – дык і пачынаюць вылічаць тых, хто багацейшы, у каго больш бліскучых гузікаў, а ня тых, хто разумнейшы, хто больш працуе дзеля грамадзкай карысьці і дзеля лепшай долі другіх. Важны чалавек – гэта, па-моему, чалавек разумны, які стараецца, каб якую-небудзь зрабіць карысьць людзям. Але, на няшчасьце, людзей разумных мала ў нас, найбольш такіх, што глядзяць толькі, каб сябе ўспамагчы, хоць бы нават і крыўдай бліжняга. Шмат у нас ёсьць людзей «шляхтуючых», каторыя, навучыўшыся колькі слоў па-польску і крыўляючы іх, як крывое люстэрка крывіць людзкі твар, стараюцца паказаць, што яны быццам нешта лепшае, разумнейшае, а таго ня ведаюць, што разумны чалавек будзе толькі сьмяяцца зь іх, бо зразумее, што гэта толькі маска, каб паказацца ня тым, чым яны ёсьць запраўды.

В.С.

«Наша Ніва», №28–29, 1911

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0