19 кастрычніка ў Музеі Кнігі Нацыянальнай бібліятэкі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Італьянскія кнігі на беларускіх землях часоў Боны Сфорцы».

У арганізацыі выставы, акрамя Нацыянальнай бібліятэкі, актыўна ўдзельнічала дыпламатычнае прадстаўніцтва Італіі ў Беларусі. На цырымоніі адкрыцця пасол Італіі ў Рэспубліцы Беларусь, спадар Джуліо Прыджоні, шчыра дзякаваў супрацоўнікам бібліятэкі: «Шчыры дзякуй Нацыянальнай бібліятэцы, якая дала згоду на правядзенне выставы і канферэнцыі. Таксама шчыры дзякуй беларускаму народу за ўвагу да італьянскай культуры. Такія падзеі не могуць адбываецца без любові і ўвагі з боку беларусаў».

Акрамя слоў прывітання, сп. Джуліо Прыджоні падараваў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі некалькі каштоўных кніг, а таксама анансаваў навуковую канферэнцыю, што адбудзецца ў НББ 22 і 23 кастрычніка. Тэмамі канферэнцыі будуць часы Боны Сфорцы ў ВКЛ і развіццё італіаністыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Плануецца, што ў ёй возьмуць удзел навукоўцы з Беларусі, Літвы, Польшчы і Італіі.

А на экспазіцыі выставы можна пазнаёміцца з вельмі цікавымі экспанатамі — італь’янскімі старадрукамі часоў панавання Боны Сфорцы ў Вялікім Княстве. Сярод іх асаблівую цікавасць уяўляе «Боская камедыя» Дантэ, выдадзеная ў Фларэнцыі ў 1481 годзе.

Прадстаўлены таксама італьянскія старадрукі з творамі антычных філосафаў — Арыстоцеля, Плутарха, Цыцэрона і іншых, італьянскіх аўтараў — Ф.Петраркі, Н.Макіявелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?