З 31 ліпеня па 1 жніўня 2006 г. у Беларусі з візітам знаходзіўся генеральны настаяцель таварыства святога Францішка Сальскага (супольнасці салезіянаў) дон Паскуаль Чавэс Вільянуэва. У аэрапорце беларускай сталіцы высокага госця сустракалі святары і моладзь з мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, дзе пастырскае служэнне нясуць айцы салезіяне.

Дона Паскуаля прывіталі традыцыйнымі хлебам-соллю і песнямі ў выкананні моладзі. Адна з парафіянак звярнулася да генеральнага настаяцеля - мексіканца па паходжанні - з прывітальным словам на яго роднай іспанскай мове.

Пасля вячэры генеральны настаяцель скіраваўся ў цэнтр моладзі ў Серабранцы. Там яго чакалі юнакі і дзяўчаты з Мінска і Смаргоні, дзе таксама працуюць айцы салезіяне. Падчас гэтай сустрэчы, у якой бралі ўдзел і прадстаўнікі старэйшага пакалення, дэманстраваліся слайды, што апавядалі пра жыццё і дзейнасць салезіянскіх супольнасцяў у Беларусі. Гучалі спевы ў выкананні мінскага гурта "Небасхіл" з парафіі св. Яна Хрысціцеля і смаргонскага гурта "Усмешка". Свае спявацкія здольнасці паказалі таксама мінскія салезіяне а. Ігар і а. Аляксандр, якія выканалі своеасаблівы bonus track: эўхарыстычны гімн Panis Angelicus. Пасля гэтага смаргонская моладзь паказала вясёлую сцэнку па матывах беларускай народнай песні "Касіў Ясь канюшыну", а моладзь з Мінска завяршыла сустрэчу тэатральнаю пастаноўкаю пра жоўты парасон, асноўнаю думкаю якой было тое, што ў жыцці трэба заўсёды быць радасным і несці гэтую радасць іншым людзям. Пасля сцэнкі айцу Паскуалю быў падараваны жоўты парасон з выяваю святога дона Боско. Генеральны настаяцель падзяліўся сваімі ўражаннямі і думкамі, што ўзніклі ў яго падчас сустрэчы, і пасля супольнай малітвы ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне.

Пасля ранішняй малітвы дон Паскуаль Чавэс Вільянуэва сустрэўся з Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям'янкам. Потым адбылася сустрэча з салезіянамі, якія працуюць у Беларусі. Усе яны спецыяльна прыбылі ў Мінск, каб мець магчымасць убачыцца са сваім генеральным настаяцелем. На гэтай сустрэчы дон Паскуаль асабліва падкрэсліў, што прыклад салезіяніна, які ён павінен даваць сваім штодзённым жыццём, дапамагае моладзі пазнаць Хрыста і адкрыць сваё пакліканне ў жыцці, як вучыў гэтаму заснавальнік супольнасці святы дон Боско.

Пасля сустрэчы адбылася ватыўная святая Імша ў гонар св. Яна Боско, якую цэлебраваў дон Паскуаль Чавэс Вільянуэва у касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы. Перад Імшою генеральны настаяцель даў невялікае інтэрв'ю для сталічнага тэлебачання. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўпрыгожвалі спевы ў выкананні моладзі. У сваёй гаміліі генеральны настаяцель нагадаў усім прысутным словы святога Яна Боско пра тры божыя дары, якімі з'яўляюцца жыццё, выхаванне і вера, і пра той глыбінны змест, які яны для нас маюць. На заканчэнне святой Імшы парафіяне звярнуліся да дона Паскуаля са словамі прывітання і падзякі, а таксама запрасілі яго зноў прыехаць у Мінск для асвячэння нядаўна закладзенага касцёла св. Яна Боско. Дарэчы, у дзень прыезду генеральнага настаяцеля дазвол на пабудову гэтага касцёла быў канчаткова узгоднены.

Пасля ўрачыстага абеду з удзелам салезіянскай сям'і генеральны настаяцель правёў сустрэчу з салезіянамі са Смаргоні. Вечарам 1 жніўня святары і моладзь развіталіся з донам Паскуалем у аэрапорце. На развітанне генеральны настаяцель выказаў сваю вялікую радасць ад таго, што сустрэў у Беларусі столькі шчырых, адкрытых сэрцаў, і сказаў, што тут ён пакідае частку свайго сэрца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0