Учора раніцай, яшчэ зацемна, я адправіўся на Лагойшчыну на фотаздымкі ласёў, казуль і кабаноў. Але і ўявіць сабе не мог, што, ад’ехаўшы якіх пятнаццаць кіламетраў ад сталіцы, убачу забітага лася і пашкоджаныя аўтамабілі.

Інцыдэнт адбыўся літаральна за некалькі хвілін да майго з’яўлення. На аўтамагістраль Мінск—Віцебск паблізу павароту на Раўбічы, выскачыўшы на праезную частку, лясны госць імгненна патрапіў пад удар мікраўтобуса, які рухаўся ў бок Віцебска. Потым пяцігадовы лось (мяркуючы па колькасці адросткаў на рагах) адскочыў на сустрэчную паласу і стаў ахвяраю іншамаркі, якая рухалася ў бок сталіцы. Пасля другога сутыкнення хутканогі зваліўся на раздзяляльнай паласе. Не ведаю, на якой хуткасці імчаліся аўтамабілі, але звычайна ў гэты час дарога пустая. М

агчыма, сутыкненне адбылося з‑за дрэннай бачнасці, і да таго ж на аўтатрасе пасля туманна‑марознай ночы было слізка. Вадзіцелі павінны ўлічваць усе абставіны, у тым ліку і магчымасць нечаканага з’яўлення жывёлы на дарозе. Жывёлам, як вядома, законы не пішуць.

Несумненна, гэта каварны збег абставінаў, крыўдны і непапраўны. Аўтасродкі давядзецца аддаваць у рукі аўтарамонтнікаў. Але, галоўнае, абышлося без чалавечых ахвяраў і нават без сур’ёзных траўмаў. Хай гэта стане добрым урокам на будучыню. Мне міжволі падумалася, магчыма, гэта быў той самы лось‑прыгажун, якога я збіраўся фатаграфаваць, толькі не ў гэткім стане…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?