Прэзентацыя 3G, тэхналогіі сувязі трэцяга пакалення, — істотная падзея для беларускага рынку мабільнай сувязі.

Самыя цікавыя магчымасці новай тэхналогіі — высокахуткасны інтэрнэт, відэасувязь і мабільнае тэлебачанне.
У Беларусі пакуль што толькі адзін аператар мабільнай сувязі, Life:), атрымаў радыёчастотны спектр для стварэння 3G. Але абаненцкая база кампаніі складае ўсяго 500 тысяч чалавек.

Абаненты астатніх аператараў у чаканні дазволу ўладаў для іх кампаній. Працоўная група Дзяржаўнай каміі па радыёчастотах пагадзілася з прапановай Міністэрства сувязі наконт выдзялення ліцэнзіі аператарам МТС и velcom. Аднак для канчатковага рашэння падтрымкі Мінсувязі недастаткова. Ці атрымаюць аператары радыёчастоты, стане вядома ў канцы года.

Сталічная і абласная забаўка

Па інфармацыі Life:),

новая сувязь будзе працаваць пакуль што ў Мінску і абласных гарадах.
У райцэнтрах патрапіць у сетку 3G яшчэ нельга. Да канца года аператар абяцае часткова вырашыць праблему, ахапіўшы пакрыццём тэрыторыю, на якой пражывае 70 % насельніцтва.

Максімальная хуткасць, якую дасягала сувязь у час тэставання, склала 11,57 Мбіт у секунду. У гарадскіх умовах яна будзе ніжэйшай, але для камфортнай працы яе павінна хапіць з запасам.

Новыя тэхналогіі — новыя кошты

Цэны ў Life:) такія — 100 мегабайтаў перадаплачанага трафіка на месяц каштуюць 10 тысяч рублёў. За гігабайт трэба заплаціць 49 тысяч рублёў.

Калі параўнаць цэны на мабільны 3G-інтэрнэт з тымі, што ёсць у суседніх краінах, становіцца бачнай дарагавізна беларускай сувязі.
Абаненты польскага Play, напрыклад, плацяць 35 тысяч рублёў за 2 гігабайты. З іншага боку, ва Украіне ліцэнзіі на паслугі 3G-інтэрнэт пакуль што не атрымаў ніводны аператар мабільнай сувязі.

Гюльчатай, адкрый тварык!

Цікавая навінка беларускага рынку мабільных паслуг — відэазванкі.

Карыстальнікі тэлефонаў, якія маюць камеры, змогуць бачыць адзін аднаго ў час размовы.
Калі ж нехта не захоча, каб яго бачыў суразмоўца, ён зможа забараніць паказваць сябе. Што датычыцца цэн на відэасувязі, то тарыфы на яе пакуль невядомыя. «Яны з’явяцца ў канцы месяца, калі паслуга будзе афіцыйна прэзентаваная»,— тлумачаць у Life:).

Дапаможны матэрыял

Далёка не кожны мабільнік падтрымлівае 3G, але такія тэлефоны не абавязкова з’яўляюцца прадметам раскошай. У мінскіх інтэрнэт-крамах, цэны на іх пачынаюцца ад 85$ за BenQ-Siemens EF81. Samsung SGH-L170 трошкі даражэйшы — 95$. Калі ж купляць б/у-слухаўку, прыйдзецца заплаціць яшчэ менш. Напрыклад, той самы BenQ-Siemens EF81 каштуе 50$.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?