У Расіі няма грошай, каб выдаткаваць крэдыт у пяцьсот мільёнаў долараў. Але калі Беларусь пагодзіцца надзець атамны ашыйнік і будаваць у Астраўцы АЭС, Мядзведзеў і Пуцін выдадуць крэдыт у дзевяць мільярдаў.

Калі Лукашэнка без згоды народа як ён кажа, «чэраз калена», пабудуе АЭС, то праз трыццаць гадоў яго сын Коля будзе двойчы стаяць і прасіць у расійскага атампрома, каб прадалі ядзернае паліва, каб забралі на пераапрацоўку ядзерныя адкіды.

У нашай краіне дастаткова іншых крыніц электраэнергіі. Зусім не выкарыстоўваецца энергія ветру — у іншых краінах свету вецер дае больш за 20% электрычнасці. Толькі пачалося будаўніцтва электрастанцый на біяпаліве — іншыя краіны ад гэтага атрымліваюць да 30% патрэбы ў электраэнергіі. Пачалося будаўніцтва гідрастанцыі на Нёмане. Але зусім не выкарыстоўваецца энергія малых рэк.

У Наваградскім раёне калісьці працавалі 22 млыны. Многія з іх і сёння стаяць. Калі перадаць іх у арэнду прадпрымальнікам, яны перабудуюць іх у міні‑электрастанцыі, якія дваццаць чатыры гадзіны ў суткі будуць даваць электрычнасць. На воданакапляльных азёрах можна гадаваць рыбу і прадаваць.

Заходняя ж Еўропа прыглядаецца да энергіі сонца, якая пакуль выкарыстоўваецца людзьмі меней чым на 1%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?