У чацьвер баявікі «Хезбалах» інтэнсіўна абстрэльвалі поўнач Ізраілю з установак «Град». У выніку абстрэлу ў гарадах Маалот і Ака загінулі восем чалавек, агульная колькасьць пацярпелых каля сарака, зь іх чацьвёра цяжка параненыя. Усяго за мінулыя суткі па поўначы Ізраілю выпушчана больш за 200 ракет. Сырэны паветранай трывогі гучалі ў Хайфе, Ака, Нагарыі, Кірыят-Шмоне, Цфаце, Тыберыі, Маалоце і Карміэле.

У гэты ж дзень у паўднёвым Лібане ў баях зь сіламі «Хезбалах» загінулі двое ваенаслужачых, яшчэ двое былі параненыя. Паводле ваенных, за апошнія некалькі дзён пяхота і танкі на розных участках увайшлі ў глыб тэрыторыі Лібану і ў пятніцу павінны выраўняць лінію фронту, стварыўшы часовую зону бясьпекі шырынёй да 6 кілямэтраў.

Паводле словаў камандуючага сухапутнымі войскамі генэрал-маёра Бені Ганца, нягледзячы на страты войскі пасьпяхова выконваюць пастаўленыя задачы і ўжо ўвайшлі ў раёны, дзе сканцэнтравана вялікая частка ўстановак залпавага агню, якія абстрэльваюць поўнач краіны. У гэты ж дзень міністар абароны Амір Перац абвясьціў, што ў найбліжэйшы час урад абмяркуе прапанову па пашырэньні лініі бясьпекі на поўдні Лібану да 15-20 км. Гаворка вядзецца пра тое, каб адсунуць пускавыя ўстаноўкі «Хезбалах» за рэку Літані -- каб калі не спыніць абстрэл поўначы Ізраілю, то, прынамсі, істотна зьменшыць зону абстрэлу ракетамі «Хезбалах». Таксама будуць створаныя ўмовы для разьмяшчэньня міжнародных міратворчых сілаў уздоўж лібанска-ізраільскай мяжы.

У чацьвер лідэр «Хезбалах» шэйх Насрала выступіў па лібанскім тэлеканале «Аль-Манар», абвясьціўшы, што Ізраілю не перамагчы ў гэтай вайне: «Я кажу адкрыта і ясна: калі вы будзеце бамбіць Бэйрут, мы разбамбім вашу сталіцу. Мы будзе бамбіць Тэль-Авіў».

Шэйх пасьмяяўся з ізраільскай разьведкі ў сувязі з апэрацыяй ў горадзе Баальбэк, што была праведзена напярэдадні. Ён заявіў, што здабычай дэсантнікаў, сталі некалькі цывільных асобаў, у той час калі разьлічвалі захапіць «важных функцыянэраў «Хезбалах».Ізральскія ваенныя рэкамэндуюць сур’ёзна паставіцца да пагрозаў Насралы, тым больш што ў распараджэньні групоўкі ўсё яшчэ застаюцца іранскія і сірыйскія ракеты, радыюс дзеяньня якіх дазваляе нанесьці ўдар па цэнтральных раёнах Ізраілю.

Радио Свобода