Умовы надвор’я ў Беларусi на блiжэйшым тыднi будуць неспрыяльныя для ўборачных работ, хоць у апошнiя днi збожжавыя поўнасцю высьпелі на асноўных плошчах, паведамiла карэспандэнту БЕЛТА начальнiк аддзелу аграметэаралягiчных прагнозаў Рэспублiканскага гiдрамэтцэнтру Надзея Мельчакова.

Паводле яе словаў, частыя, а з 6 па 8 жнiўня моцныя дажджы значна знiзяць тэмпы ўборкi. У некаторых рэгiёнах Беларусi абмалот збожжа будзе немагчымы, лiчаць спэцыялісты гiдрамэтцэнтру.

4 i 5 жнiўня ў крыху лепшых умовах надвор’я будзе знаходзiцца паўночна-ўсходнi рэгiён рэспублiкi. Вельмi ўскладнiцца становiшча на ўчастках з палеглымi збожжавымi, бо пасьля дажджоў актывiзуецца рост пустазельля.

Разам з тым, дажджы папоўняць колькасьць вiльгацi ў глебе. Паводле апошнiх зьвестак, у многiх паўднёвых i заходнiх раёнах рэспублiкi запасы вiльгацi ў глебе былi нiжэйшыя за аптымальныя, месцамi ў Берасьцейскай i Гарадзенскай абласьцях яны зьменшылiся да крытычнага ўзроўню. Гарачае i сухое надвор’е ў лiпенi не садзейнiчала фармiраваньню ўраджаю бульбы i караняплодаў. Пасля дажджоў умовы iх росту палепшацца. Аднак дажджлiвае надвор’е можа справакаваць развiцьцё фiтафторы на бульбе, якая не прайшла фунгiцыдных апрацовак. Таму спэцыялiстам гаспадарак рэкамэндавана зьвярнуць на гэта асаблiвую ўвагу. Па тэхналогii трэба было правесьці ня менш як тры апрацоўкi ад фiтафтарозу.

Паводле папярэднiх прагнозаў сiноптыкаў, няўстойлiвы характар надвор’я захаваецца да канца першай дэкады жнiўня. 9–10 жнiўня на значнай тэрыторыi краiны яшчэ будуць дажджы, але iх iнтэнсiўнасць упараўнаньнi з папярэднiмi днямi зьменшыцца.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0