Беларускі ўрад укалоў нацыянальныя меншасці. Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук заявіў, што «агульнае выкладанне ўсіх прадметаў ў сістэме адукацыі Беларусі будзе весціся толькі на дзяржаўных мовах краіны,
а выкладанне асобных прадметаў магчыма на мовах нацыянальных меншасцяў. Беларусь не будзе ствараць спецыяльных школ для нацыянальных меншасцяў. Выкладанне асобных прадметаў магчыма на нацыянальных мовах меншасцяў па рашэнні мясцовых органаў улады, у залежнасці ад сітуацыі ў тым ці іншым рэгіёне краіны». Яго цытуе агенцтва «Інтэрфакс».

Аляксандр Жук таксама зазначыў «што ў некаторых абласцях Беларусі ёсць школы, дзе асобныя прадметы вывучаюцца на польскай, літоўскай і іншых мовах, але галоўнае, на яго думку, «забяспечыць нашым грамадзянам права атрымліваць адукацыю на беларускай і рускай мовах».

Цяпер у Беларусі толькі дзве нацыянальныя меншасці маюць сярэднія школы са сваёй нацыянальнай мовай навучання — палякі і літоўцы.
«НН» звярнулася па каментар да дырэктара польскай школы ў Гродне Дануты Сурмач, аднак тая каментаваць заяву першага намесніка міністра адмовілася.

Затое з прэсай падзялілася сваім меркаваннем кіраўніца грамадскай польскай школы пра неафіцыйным СПБ Анжаліка Арэхва. Паводле спн.Арэхва, «мы маем дзве польскія школы. Калі ў іх забароняць карыстацца польскай мовай падчас навучальнага працэсу, гэта будзе парушэннем заканадаўства. Нават калі проста не будуць дазваляць адкрываць новыя школы з недзяржаўнай мовай навучання — гэта таксама будзе парушэннем нашых канстытуцыйных правоў. Мы ў сваёй грамадскай школе цяпер маем 400 вучняў. У гэтым годзе у Гродне набралі тры класы першакласнікаў, у Ваўкавыску — два. Гэта першы раз такое. Раней было менш вучняў».

Насамрэч, захады ўладаў па абмежаванні колькасці школ нацыянальных меншасцяў, уваходзяць у супярэчнасць з Асноўным законам краіны. Паводле беларускай Канстытуцыі, «кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання» (артыкул 30).

Такая сітуацыя можа спыніць развіццё іх культуры. Магчымасць вучыцца на сваёй мове — важнейшы элемент захавання нацыянальнай культуры ў асяродку, дзе пануе іншая культура.

На сёння асноўныя меншасці ў Беларусі — гэта расейцы, палякі на Гродзеншчыне, украінцы на Берасцейшчыне, яўрэі.

Забарона на адукацыю на роднай мове закране перш за ўсё беларускіх палякаў. Яны жывуць галоўным чынам у раёнах, якія прылягаюць да мяжы з Польшчай і Літвой. Праўда, на мінулым перапісе большая частка палякаў Беларусі назвала роднай мовай, а таксама мовай, ужыванай дома, беларускую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?