Піша Франц Чарнышэвіч.

Некаторыя фобіі ўласцівыя толькі пэўным групам насельніцтва, іншыя пранізваюць усё грамадства. Адзін з нашых агульнанацыянальных прывідаў — «польскае пытанне». На паланафобію хварэюць не толькі масквацэнтрычныя славянафілы, але і пэўная частка незалежнага грамадства. Змаганне за еўрапейскую Беларусь дзіўным чынам не замінае ім час ад часу нагадваць паплечнікам пра «польскую інтрыгу».

Не мы першыя і не мы апошнія праходзім праз выпрабаванне суседзямі. Падчас чытання некаторых каментароў у сеціве ўзгадваецца сапёр Водзічка з бессмяротнага раману Гашака з яго кароннай фразай: «Зусім ты не знаеш, брат, мадзяраў, колькі разоў я табе гаварыў! З імі трэба вуха трымаць востра». У межах Аўстра-Венгерскай манархіі такое стаўленне да венграў было ўласцівае і для нацыяналістаў-младачэхаў і для тых, хто шторанку чытаў «сучку» — так звалася ў народзе галоўная афіцыйная газета. Тая фобія, між іншым, знікла пасля ўтварэння чэхамі ўласнай дзяржавы, у адрозненне ад паланафобіі, якая працягвае захламляць мазгі нашым грамадзянам пасля 1991 года.

А ці насамрэч палітычныя эліты і паспалітыя грамадзяне Польшчы выношваюць падступныя планы вяртання былых «крэсаў»? Падчас нядаўняй сустрэчы беларускіх журналістаў, пераможцаў конкурсу «Польшча 89 — Беларусь 91: нераўназначныя змены» зладжанай варшаўскім Цэнтрам міжнародных стасункаў (CSM) такое пытанне — з пэўнай доляй іроніі — гучала не адзін раз. І не раз гучаў адказ: большасць палякаў арыентаваная на Захад, а не на Усход.

Пэўную ролю адыгрывае гістарычная недасведчанасць маладога пакалення, таго, якому праз 15—20 гадоў будзе належыць краіна. Па словах Марка Астроўскага, аднаго з рэдактараў уплывовага польскага штотыднёвіка «Палітыка», калі на вуліцы Варшавы альбо якога правінцыяльнага Пацанова запытацца пра Беларусь і яе гістарычную сувязь с Польшчай, абазнаных можна будзе палічыць на пальцах.

У апошнія гады польскія грамадзяне літаральна акупуюць памежныя нямецкія дэпрэсіўныя рэгіёны, з якіх у заходнюю частку краіны паўцякала да 40% працаздольнага насельніцтва. Якія «крэсы», калі у былых ГДРаўскіх мястэчках можна набыць ахайны нямецкі дамок з кветачкамі па кошце аднапакаёўкі ва Ўроцлаве? А месцы шчаслівых уладальнікаў нямецкай нерухомасці займаюць няўдахі з-пад «усходняй сцяны» — так палякі завуць мяжу з Украінай і Беларуссю. Нашыя Брэст з Гроднам не маюць нават тэарэтычных перспектыў на якую-кольвечы міграцыю з Польшчы.

Палякам ужо не баліць тая страта, акрамя хіба радыкалаў з маргінальнай Лігі польскіх сем'яў ды сталых слухачоў ультракансерватыўнага «Радыё Марыя». Таму, калі б наша краіна спрасціла для іх да максімуму візавы ды гандлёвыя рэжымы, то ніякай «паўзучай экспансіі» на заходнія вобласці не выйшла б. А вось з прыбыткам былі б усе. Мясцовыя бюджэты б папоўніліся б за кошт настальгічнага і дзелавога турызму, якому менавіта візавы рэжым і замінае. Для паляка, які ўжо забыўся на тое, што падарожжа за мяжу азначае атрыманне візы, адна думка пра паход у беларускую амбасаду адбівае ўсялякую ахвоту выправіцца ў наш бок.

Досвед продкаў забяспечыў беларусу добрую прышчэпку ад паланізацыі. Варта прыглядзецца да таго, як ставяцца да гэтага нашыя землякі з Беласточчыны, у якіх нашмат больш прычынаў баяцца страты ідэнтычнасці. Падчас апошняга попісу насельцтва ў Польшчы адна грамадская арганізацыя заклікала прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў запісвацца наступным чынам: «Я украінец — я паляк, я беларус — я паляк, я габрэй — я паляк і г.д.» Адмовіліся адны беларусы: «Мы гэта ўжо праходзілі». Бо формула «gente Lituanus, natione Polonus» вядомая беларусам яшчэ з часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Відаць маюць рацыю тыя, хто кажа пра ролю фобій у падтрыманні наяўных у грамадстве інстытутаў і каштоўнасцяў. Страх перад непрадказальнай Прышласцю выклікае жаданне падтрымліваць таго, хто абароніць ад яе негатыўных наступстваў — моцную дзяржаву, імператара, «айца народаў». Таму жыццяздольнасць беларускай мадэлі немагчымая без шматлікіх фобіяў. Знікне страх — знікне і патрэба ў дзяржаўным патранаце. Таму і старалася савецкая (і не толькі) прапаганда падтрымліваць гістарычныя страхі беларусаў на належным узроўні, каб ведалі, хто ў стане абараніць іх ад «крыважэрных захопнікаў».

Што да палякаў…Мы — не яны, яны — не мы. Перазагрузка адносінаў непазбежная.Трэба толькі быць гатовымі да яе ды не сапсаваць момант няўклюднымі фобіямі. Бо чым іх менш, тым больш мы нацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?