Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у ходзе візіту ў Брусель абмеркаваў перспектывы спрашчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС. Аб гэтым паведамілі ў прэс‑службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Візіт міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў Брусель адбыўся 21‑23 кастрычніка. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства правёў перагаворы з намеснікам старшыні Еўрапейскай камісіі — камісарам па пытаннях правасуддзя, свабодаў і бяспекі Жакам Баро, а таксама камісарам па эканамічных і фінансавых пытаннях Хаакінам Альмунія.

У ходзе сустрэчы з Жакам Баро бакі закранулі шырокае кола пытанняў, якія датычыліся спрашчэння візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю, умацавання межаў і барацьбы з нелегальнай міграцыяй.
Былі пазітыўна адзначаны намаганні Беларусі па процідзеянню арганізаванай злачыннасці, гандлю людзьмі і іншым агульным выклікам. Намеснік кіраўніка Еўракамісіі з разуменнем успрыняў неабходнасць узаемадзеяння па візавых праблемах, з якімі сутыкнуліся беларускія грамадзяне пасля далучэння суседніх з Беларуссю краін ЕС да Шэнгенскага пагаднення. Па выніках гутаркі дасягнута дамоўленасць аб правядзенні рабочых кансультацый паміж кампетэнтнымі беларускімі ведамствамі і службамі Еўракамісіі па праблематыцы візавага рэжыму і рэадмісіі.

На сустрэчы з Хаакінам Альмунія былі абмеркаваны перспектывы пашырэння крэдытна‑інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС, уключаючы распаўсюджванне мандата Еўрапейскага інвестыцыйнага банка на Беларусь і падыходы Еўракамісіі ў ракурсе перагляду стратэгіі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця адносна Беларусі. Дасягнута дамоўленасць аб прадаўжэнні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўракамісіяй у фінансава‑эканамічнай сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?