Зьмітру Дашкевічу 25 гадоў. Зь іх паўгоду ён адсядзеў на «сутках».

20 ліпеня сваё 25-годзьдзе адсьвяткаваў адзін зь лідэраў незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. «Наша Ніва» не магла прамінуць такое даты й прымеркавала гутарку са Зьмітром да ягонага юбілею.

«НН»: Зьміцер, найперш хачу павіншаваць цябе ад імя ўсёй рэдакцыі зь юбілеем.

Зьміцер Дашкевіч: Дзякуй.

«НН»: Што для цябе значыць гэта дата ў 25 гадоў?

ЗД: Па шчырасьці, нават не было часу, каб адсьвяткаваць народзіны, ня тое, што задумвацца аб значнасьці падзеі. Сустрэў юбілей як шараговую падзею, без залішняй пампэзнасьці і філязофскіх розмыслаў.

«НН»: Ці думаў, калі ў 2000 годзе ўступаў у «Малады фронт», што праз чатыры гады станеш адным зь лідэраў арганізацыі?

ЗД: Найхутчэй, не. Бо нейкае кіраўніцтва ў мяне ніколі не было самамэтай. Але так склалася, і я ні аб чым не шкадую.

«НН»: Зьміцер, сёньня для вялікай колькасьці моладзі ты неаспрэчны аўтарытэт у многіх пытаньнях. Ці адчуваеш адказнасьць за гэтых маладзёнаў?

ЗД: Канечне. Спрабуеш не расчароўваць іх. Узважваеш кожнае сваё слова і учынак.

«НН»: Ці шкадаваў калі, што зьвязаў сваё жыцьцё з «МФ»?

ЗД: Ніколі! І нават не задумваўся аб гэтым. Я ўдзячны Госпаду, што ён прывёў мяне ў гэтую арганізацыю.

«НН»: Хто для цябе Севярынец?

ЗД: Найперш сябар і паплечнік, які ведае, як табе дапамагчы ў складаны момант. Таксама настаўнік, ён шмат чаму навучыў мяне ў жыцьці. А яшчэ Севярынец – эталён беларускага палітыка. Такіх самаахвярных палітыкаў, як Паша, паболей бы.

«НН»: Ці не баісься трапіць на «хімію» ці ў турму як той жа Севярынец ці Фінькевіч?

ЗД: А чаго тут баяцца? Я не напружваюся на гэты конт; калі так трэба, то сяду. Я ўжо думаў, што буду сядзець пасьля выбараў. Сьледчыя КДБ зьбіралі матэрыял на мяне, каб перадаць у пракуратуру. У нашай краіне кінуць чалавека за краты не праблема, але пакуль я на волі, буду працягваць змаганьне.

«НН»: Ці спыняць улады крымінальны перасьлед «маладафронтаўцаў»?

ЗД: Не хачу нічога загадваць па гэтым пытаньні. Гэта ўсё вельмі балюча, але я спадзяюся на лепшае.

«НН»: Хутка зьезд «МФ». Ці гатовы да таго, што цябе не пераабяруць на старшынства?

ЗД: Кіраваньне ня ёсьць для мяне самамэтай, але ў мяне ёсьць канкрэтная праграма дзейнасьці арганізацыі, і, я думаю, удзельнікі зьезду падтрымаюць мяне.

«НН»: Якую можаш даць ацэнку дзейнасьці салігорскіх «маладафронтаўцаў»?

ЗД: У Салігорску яшчэ маладая, але вельмі актыўная структура. Яны малайцы. І салігорцы павінны стаць узорам для «маладафронтаўцаў» у іншых гарадох.

«НН»: Колькі часу ад першага арышту ў 2002-м ты сумарна адседзеў на сутках?

ЗД: Журналісты падлічылі, што дзесьці паўгоду. Канечне, стаміўся жахліва, але, калі сяджу, значыць, гэта некаму трэба.

«НН»: Ці маглі, на твой погляд, падзеі на Плошчы скласьціся іначай?

ЗД: Маглі. Праўда, толькі 19 сакавіка. Астатнія чатыры дні моладзь проста адстойвала гонар беларускай апазыцыі.

«НН»: Нядобразычліўцы закідаюць «МФ» празьмерную рэлігійнасьць. Што ты адкажаш на такія закіды?

ЗД: Скажу, што адзін чалавек, які стаіць на падмурках Хрыста, зробіць нашмат болей за тысячу бунтароў, які ня ведаюць чаго яны хочуць і на якіх маральных каштоўнасьцях яны стаяць. Я сам стаў вернікам адносна нядаўна. Хаджу ў пратэстанцкую царкву, вывучаю Біблію. З гэтага часу я шмат чаго зразумеў.

«НН»: Зьміцер, ці апраўданыя любыя сродкі змаганьня дзеля дабра Бацькаўшчыны?

ЗД: Не. Як напісана ў Бібліі, ніколі не пераможаце, калі будзеце змагацца незаконнымі сродкамі. Наша барацьба і ёсьць моцнай дзякуючы свайму маральнаму аспэкту.

«НН»: Ці ўважаеш ты сябе за шчырага палітыка?

ЗД: Я імкнуся да гэтага. Не бывае беззаганных людзей, і я тут не вынятак. Але спрабую выправіць свае памылкі. Не крыўдую на крытыку і заўвагі.

«НН»: Якія ў цябе зацікаўленасьці, апроч палітыкі?

ЗД: Так склалася, што «МФ» для мяне ўсё. Я цалкам аддаюся арганізацыі і змаганьню. На астатняе, акрамя вучобы, папросту не застаецца часу.

«НН»: Зьміцер, а ці ня думаеш яшчэ жаніцца?

ЗД: Пакуль што не. Трэба спачатку свабоды для краіны дамагчыся, а ўжо потым і пра вясельле думаць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?