Дзень памяці паўстанцаў 1863 года традыцыйна адбываецца ў Свіслачы (Гарадзенская вобласць) — на радзіме братоў Каліноўскіх.
Вячаслаў Сіўчык прамаўляе ля бюста Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы.
Магіла Віктара Каліноўскага.
Помнім герояў.
Традыцыйны бардаўскі канцэрт.
Спявае Валеры Жамойцін.
З’ехаліся людзі з Горадні, Менску, Слоніму, Ваўкавыску, Мастоў і іншых гарадоў Беларусі. Са Свіслачы калона машынаў накіравалася ў Якушоўку, на родавую сядзібу Каліноўскіх. Перад уездам у вёску Раманаўцы ўсе машыны спыніліся. Тут зрабілі памежную зону і ўехаць можна толькі па адпаведных дакументах.
Таму ўпершыню да сядзібы Каліноўскіх дабіраліся пехатою. Праз балота, па мастку праз рэчку, з кіламетр з песнямі пад гітару ішлі. Моладзь сьпявала «Паветраны шар» Лявона Вольскага. Такое за 14 гадоў было ўпершыню. А малады спадар, што рассыпаў салетру на сваім гародзе, пабачыўшы бел-чырвона-белы сьцяг, закрычаў здалёк: «Жыве Беларусь!»
У Якушоўцы ўсклалі кветкі да крыжа, узгадалі паўстанне, прасьпявалі паўстанцкія песьні, сказалі пра Віктара Трашчановіча, Дзіму Кісяля, Юрася Мацка, якія ўсталявалі тут крыж і заклалі гэтую традыцыю: штогод ушаноўваць у Свіслачы і Якушоўцы памяць паўстанцаў.
Я запытаўся каваля Юрася Мацка, які сціпла стаяў збоку і слухаў выступы — пра што яму цяпер думаецца?
«Калі мы займаліся гэтай справай, то нават не думалі, што гэта стане традыцыяй і такім паломніцтвам. Мы тады зрабілі, што трэба было зрабіць: усталявалі крыж, адрамантавалі другі. А цяпер сюды штогод прыязджаюць людзі — мяне гэта вельмі цешыць як беларуса, як патрыёта», — сказаў Юрась.
Пасьля ўсе вярнуліся ў Сьвіслач: у цэнтры гораду ўсклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, а затым наведалі магілу Віктара Каліноўскага, дзе таксама ўсклалі кветкі і засьпявалі «Магутны Божа».
Увесь час паломнікаў, як яны самі сябе сёння назвалі, суправаджалі міліцыянты і людзі ў цывільным, фільмавалі падзеі на камеру. І ўвесь час за калонай ездзіў мікрааўтобус з АМАПам. Аднак, у адрозненне ад мінулых гадоў, сёлета ўрачыстасці адбыліся без інцыдэнтаў.