Паводле новага выбарчага заканадаўства, апазіцыйны кандыдат зможа вытраціць на кампанію не больш за 70 тыс. даляраў.

Цэнтрвыбаркам прапануе абмежаваць памер індывідуальных фондаў кандыдатаў у прэзідэнты 3000 базавых велічыняў. На сёння гэта 105 мільёнаў рублёў, або менш за 40 тыс. даляраў. У дадатак да індывідуальна сабраных фондаў кандыдаты атрымаюць 2300 базавых велічынь ад дзяржавы. Разам сума не перавысіць 200 мільёнаў рублёў. Такую норму ЦВК прапануе на зацвярджэнне палаты прадстаўнікоў.

Гэта адна з нормаў, якія падаюцца як вялікая саступка лукашэнкаўцаў незалежнаму грамадству і Захаду.

Такім чынам, апазіцыйны кандыдат зможа вытраціць на кампанію не больш за 70 тыс. даляраў.

Гэта мізэрная сума — усяго 20 рублёў на кожнага грамадзяніна Беларусі.
За такую суму кандыдат не зможа надрукаваць нават столькі улётак, каб яны трапілі ў кожную паштовую скрынку. Няма чаго і казаць пра тэлевізійную рэкламу. Зрэшты, у «дэмакратычнай Беларусі» тэлебачанні працуюць на аднаго чалавека, дык каб і меў грошы, туды з альтэрнатыўнымі ідэямі не ўсунешся. Дазволеных Ярмошынай грошай забракне нават на арганізацыю агітацыйных аўтакараванаў — традыцыйных спосабаў палітычнай агітацыі ў дэмакратычных краінах, якія і ў Беларусі можна было б ажыццявіць.
Сам Аляксандр Лукашэнка на ўсіх мінулых выбарах распараджаўся сумамі нашмат большага парадку.
Ён правёў багаты «Усебеларускі народны сход», арганізаваў дзесяткі агітканцэртаў «За Беларусь». Спецвыпуск «Советской Белоруссіі» трапіў у кожную скрыню. Адзін нумар гэтай газеты каштуе ў 25 разоў болей, чым тыя 20 рублёў, якія Ярмошына дазволіць вытраціць апазіцыі.
Бюджэт аднаго «усебеларускага народнага сходу» будзе большы, чым кошт усёй апазіцыйнай кампаніі.

Знайшла пацверджанне тое, у чым і так ніхто не сумняваўся. Новыя нормы задуманыя Лукашэнкам і прызначанай ім Ярмошынай такім чынам, каб ніяк не парушылася іхная манаполія на ўладу, устаноўленая імі ў парушэнне Канстытуцыі.

Апазіцыя канечне павінна выкарыстоўваць выбарчую кампанію для палітычнай агітацыі. Але трэба рабіць гэта па ўласным сцэнары, а не падыгрываючы ў шоў, мэта якога — легітымізацыя самадзяржаўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?