Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца нарысы, эсэ, замалёўкі, дакументальныя аповеды і іншыя журналісцкія матэрыялы мастацка‑публіцыстычнага жанру, якія раскрываюць унікальнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, яе ролю ў гісторыі, культуры, жыцці грамадства.

Узяць удзел у конкурсе могуць журналісты, якія стала працуюць у друкаваных, электронных СМІ ці ў Інтэрнэце, а таксама фрылансеры.

Журналісцкія працы (не больш за 1 матэрыял ад аднаго аўтара) прымаюцца на конкурс у друкаваным і электронным выглядзе. Супрацоўнікам радыё трэба прадставіць тэксты і запісы сваіх праграм на CD. Журналістам, якія працуюць на тэлебачанні, трэба прадставіць на конкурс сцэнары, а таксама сюжэты на CD.

Працы павінны суправаджацца лістом з кантактнымі дадзенымі асобы, а таксама кароткім расповедам пра творчы шлях журналіста.

На конкурс прымаюцца журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя з 1 студзеня 2009 года па 15 снежня 2009 года ўключна. Даслаць творчыя працы неабходна да 20 снежня 2009 года (па паштовым штампе) на адрас: г. Мінск, пл. Свабоды, 17—304 з пазнакай «На конкурс імя Веранікі Чаркасавай» і на электронную скрыню [email protected].

Абвяшчэнне вынікаў конкурсу адбудзецца на дзень нараджэння Веранікі Чаркасавай — 12 студзеня 2010 года.

Галоўным крытэрам ацэнкі твораў будзе ўсебаковае раскрыццё асобы героя журналісцкага матэрыялу, яго ўнутранага свету і ўплыву на знешні асяродак, яго непаўторнасці ў гэтым свеце.

Па выніках творчага спаборніцтва будуць вызначаныя тры пераможцы, якія атрымаюць магчымасць прайсці прафесійную стажыроўку ў адной з краін Еўразвязу і памятныя дыпломы.

Даведка:

Вераніка Чаркасава — вядомая беларуская журналістка, якую знайшлі забітай ва ўласнай кватэры 20 кастрычніка 2004 года ва ўзросце 45 гадоў. Дагэтуль невядома, хто замовіў і выканаў гэтае злачынства. Следства па справе прыпынена з 2007 года «ў сувязі з невысветленасцю асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».

Следчыя вызначылі ў якасці асноўнай бытавую версію забойства. Аднак, праведзеныя калегамі Веранікі журналісцкія расследаванні даюць падставы меркаваць, што забойства В. Чаркасавай здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. (Чытаць артыкулы Сяргея Сацука «Страх как достаточное основание, или Кто расправился с Вероникой Черкасовой?» і «Цена жизни»).

Вераніка Чаркасава нарадзілася 12 студзеня 1959 года ў Мінску. Скончыла журфак БДУ, пасля чаго працавала ў моладзевай рэдакцыі беларускага тэлебачання. Затым — у газетах «Голас Радзiмы», «Имя», «БДГ», «Свабода», «Белорусская газета». Апошнія гады жыцця — у «Салідарнасці».

Героямі яе шматлікіх артыкулаў былі Людзі — іх светлыя і цёмныя бакі, іх перамогі і паразы, глупствы і годныя ўчынкі. Для яе не было нецікавых асобаў, не вартых увагі думак ці словаў. Яе творчасць вызначалася чалавечнасцю, якую так цяжка захаваць у сённяшнім цынічным свеце.

Мастацка‑публіцыстычны жанр, у якім выдатна працавала Вераніка Чаркасава, сёння знаходзяцца ў заняпадзе. У пагоні за сенсацыямі, навінамі‑аднадзёнкамі журналістыка ўсе менш цікавіцца жывымі асобамі, якія і ёсць сапраўднымі героямі любога часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?