Чаму на свеце ёсць тавары-«міні» — 20-грамавыя шакалядкі «Камунарка», або 250-міліграмовыя запакоўкі сока, ці мініятурныя ролікі губной памады? Прыспеў час прызнацца: маленькае — вялікая рэч!

Нягледзячы на нашыя капіталістычныя схільнасці да грандыёзнасці, высвятляецца, што міні-тавары — з'ява нярэдкая, а на свеце ёсць нямала людзей, якіх хлебам не кармі, а дай спажыць усё малое: з'есці невялічкую, 20-грамовую шакалядку «Аленка», глытнуць з маленькай упакоўкі соку ды надухмяніцца парфумай толькі з флаконаў-«спробнікаў». Гэтыя немалы сектар насельніцтва адказны за камерцыйны поспех, такіх тавараў, як 0,05-літровыя пляшачкі з алкаголем, як партатыўныя дыскі для электроннай памяці (флэшкі) і міні-кампутары. Чаму і з якой прычыны? Феномен паменшаных тавараў на далоні.

1. Які ж стол без стэплера?

Маркетолагі лічаць, што перавагі спажывання міні-тавараў: зручнасць, эканомія месца і грошай, а таксама жаданне спажываць умеркаваныя дозы.

З часоў дзяцінства памятаю, як захапілася міні-нажнічкамі. Атрымаўшы ў падарунак нажнічкі, адразу абрэзала шарыкавы стрыжань напапалам, абгарнула яго ізастужкай, гэтак намагаючыся зрабіць міні-асадку. Падарожжа ў краіну міні скончылася для мяне вялікай прачуханкай ад бацькоў за запэцканую пастай падлогу...

Цяпер пеналы школьнікаў проста набіткаваныя дробнымі прыладамі, якімі можна карыстацца далёка ад дамашняга пісьмовага стала: міні-асадкі, міні-стэплеры, ліпучыя аркушыкі, якія ў свой час замянілі грувасткія нататнікі. Але сам пісьмовы стол не пустуе: за цяперашнім светам шанцы атрымаць дзіраколам, які бразнуўся з шафы, амаль абнуліліся, — дзіраколы падрабнелі і палягчэлі, іх трымаюць не на шафах і не ў шуфлядках: яны занялі ганаровае месца на відавоку. Штуршком да з'яўлення дробных прыладаў на нашым пісьмовым стале стала замена пукатага грувасткага манітора персанальнага камп'ютара на пляскаты, таўшчынёй у палец. Але эканоміі месца, варта прызнацца, нам гэтая замена не дадала: крытыкі «міні»-прагрэсу цвердзяць, што на вольнае месца проста хлынула хваля непатрэбных і паўпатрэбных драбностак, таму стол, як і даўней, так і застаўся застаўленым і забарыкадаваным.


Эканомія месца і грошай кажаце? Толькі не з маленькімі таварамі.

2. Міні-мы і міні-яны

Гэта на Захадзе ў продажы ёсць і маленькія тубікі зубной пасты, якія эканомяць месца ў падарожнай торбе, і дробныя бляшанкі з пенай для галення, і маленькія ролікі памады з ланцужком для мабільніка, пудра, якая змяшчаецца нават у самы маленькі кашалёк.

У Беларусі феномен «міні» праявіўся збольшага ў харчовых таварах.

Замежны вытворца цешыць нас малюпаськімі 130-грамовымі бляшанкамі з кукурузай і гарошкам «Бандзюэль», айчынны — 20-грамавымі шакалядкамі і чвэрцьлітровай запакоўкамі малака, якое сарамліва названае «Дзіцячае». Але варта зазначыць, сваю найвялікшую перамогу міні ў нашай краіне зазнала ў галіне продажу алкагольных і энергетычных напояў.


Калі ў піве назіраецца скачок у бок павялічэння тары (цяпер паўлітровая бутэлька ў многіх прадавачак ужо лічыцца «маленькай»!), дык для моцналкагольных напояў посуд яўна мізарнее: замест шчаслівага вынайдзенага на пачатку 2000-х «ёгурта» — гарэлка ў 150-грамовым пластыкавым кубачку, цяпер ля касавых апаратаў часцяком пачала з'яўляцца другое пакаленне «мярзаўчыкаў»: 0,2-літровыя шкляныя бутэлечкі гарэлкі «Бульбаш» і настойкі «КрамБамБуля». Не забудзем таксама пра зусім ужо персанальныя, чвэрцьлітровыя бляшанкі для энергетычных напояў Burn і Red Bull, якія прызначаныя наталіць смагу і энергетычнае галаданне ў дакладны выверанай колькасці каўткоў.

Плюсы міні-тары: у вашага таварыша проста язык не павернецца прасіць вас глытнуць з вашай бутэлькі.

памідоры «Чэры» (Cherry)

Садавіна. Пакуль у СССР выводзілі гігантычныя памідоры памерам са слановае сэрца, на Захадзе выгадвалі гатунак міні-памідоркаў «Шэры», памерамі і колькасцю цукру больш падобных да вішні. З'явіліся таксама персанальныя кавуны і перчыкі, у чвэртку ад звычайных перцаў. У нас як правіла замежную міні-садавіну і гародніну можна купіць толькі на рынках і ў лічаных супермаркетах.

Дарэчы, тут рэчаіснасць супярэчыць меркаванню эканамістаў: міні-садавіна не эканоміць грошы, бо мініятурныя плады даражэйшыя за сваіх ардынарных братоў.

З гастранаміі ў хатні дызайн: усё больш уладальнікаў беларускіх кватэр хочуць дакрануцца да хараства дзікай прыроды, не адмаўляючыся ад кватэрнага камфорту. Гэта той рэдкі выпадак калі з лёгкасцю маем паменшаную версію сапраўднай рэчы. Гэта мы пра дрэва бансай.

3. Фактар «Д'юці-Фры»

Яшчэ адна прычына, таксама чыста маркетынгавая, чаму ў продаж паступаюць мініятурныя версіі звычайных тавараў — рэч у тым, што гэтак вытворца спрабуе прасунуць на рынак новы тавар
. Заплаціўшы невялікую суму, вы купілі невялікі памерам спробнік. Спажылі яго — вам спадабалася, і вось вы ўжо купляеце тавар у звычайным, вялікім памеры. Маркетолагі лічаць, што спробнік як бы закохвае спажыўца ў прадукт, паказвае ягоныя невядомыя бакі, адцяняе яго шматпланавасць.

А дзе ж закохваць спажыўца, як не на самым пачатку адпачынку ці замежнага падарожжа, калі той збольшага расслаблены і паблажлівы, то бок у краме «Д'юці-Фры»?!

Сапраўды, у сённяшніх «Д'юці-фры» баль правіць усё маленькае. Наборы, складзеныя з флакончыкаў-спробнікаў, дазваляюць пакупніку скаштаваць адразу некалькі марак парфумы і туалетнае вады за мінімальны кошт. Гэткім жа парадкам вы таксама зможаце дазволіць сабе прадэгустваць задарагія для вас віскі ці каньяк, і праверыць эфектыўнасць вядомых касметычных крэмаў. Але варта прызнацца,

што флакончыкі-спробнікі там ужо даўно ніякія не спробнікі, а звычайны хадавы тавар: у крамах добра скупаюцца нават добра вядомыя, сто разоў пакаштаваныя, брэнды.

спробнікі

У 2000-я пачаў дзейнічаць яшчэ адзін чыннік, які схіляе людзей купляць «міні»: паводле патрабаванняў бяспекі на борт самалёту цяпер можна браць ёмістасць з вадкасцю не больш за 100 мілілітраў.

4.Вось такія мы, мініятурманы, загадкавыя

Маркеталогія маркеталогіяй, але многіх у малых таварах вабіць эксклюзіў: напрыклад, той факт, што міні-версіі добра вядомых прадуктаў не заўсёды можна купіць у кожнай краме. Гэта усё роўна, як асабісты маніфест: я хай сабе і не рэвалюцыянер, але чалавек нестандартны, не такі, як усе, а таму і спажываю адмысловае, нестандартнае. Варта хіба дадаць, што ёсць асобы, якія надаварот: спажываюць усё вялікае, большае за стандарт. Кампанія «Смірнофф» ужо колькі гадоў паспяхова прадае гарэлку ў 10-літровай гігантычнай бутэльцы.


Маркетолагі тлумачаць, што спажыўцы набываюць міні-тавары, бо яны практычныя, эканамічныя і зручныя. Але, руку на сэрца, мы ж ведаем праўду: той жа тавар, толькі ў версіі «міні» — смачнейшы, ваблівейшы, жаданейшы і збольшага мілейшы за вялікі арыгінал. Вось напрыклад, «Марс», «Снікерс» — хай сабе смачныя, але ніякі голад не прымусіць мяне з'есці гэтыя сто разоў каштаваныя батончыкі. З іншага боку, калі мне прапануюць Mars Minies, я не адмоўлюся, бо ведаю, што прысмак стакроць смачнейшы ў сваёй уціснутай версіі... І ніякія адрэзаныя палова ці чвэртка вялікага батончыка не здолеюць параўнацца з той сімпатычнай малечай у асобнай абгортцы. А з'есці такога малюпацтва я магу тону.

Маленькія рэчы вабяць спажыўца ў паралельны свет, як Алісу ў Дзівосную краіну, дзе наіўныя і легкадумныя спробнікі супрацьстаяць свету звычайнаа «стопудовага» тавару. Паверце, калі амерыканцы ці галандцы купляюць горы міні-тубікаў з зубной пастай, дык яны найменш турбуюцца пра здароўе сваіх дзяснаў. Тут прычынаецца штосьці менш вытлумачальнае, менш абумоўленае эканомікай ды прафілактыкай. І ці варта казаць, што гэтыя маленкія радасці абуджаюць у шмат кім яшчэ і інстынкт калекцыянера?

Вось так, довад пра эканомію месца і грошай з міні-таварамі неяк не пераканаў
.

а за практычнасцю, довадам, што «гэта лёгка змяшчаецца ў торбе, гэта здаравейшае» і да т.п. хаваецца шчырая замілаванасць да дробнага. Гэта калі не галоўная, дык асноўная прычына для вытворчасці мільярда тавараў крыхотага памеру, бо шмат калі намі, спажыўцамі, кіруюць не заўжды эканамічныя і рацыянальныя матывы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?