Перад намі агромністы інтэлектуальны досьвед, які амаль стагодзьдзе быў асуджаны на забыцьцё. Маштаб гэтай працы падкрэсьлівае нетрывіяльны спосаб яе прызнаньня ўладамі: многія аўтары, чые тэксты прадстаўлены ў гэтым нумары, былі або расстраляныя, або замучаныя ў ссылках і лягерах.

Новы нумар ARCHE мае аж 1100 старонак.

Новы нумар ARCHE мае аж 1100 старонак.

Але яшчэ большае пракляцьце, чым гвалтоўная сьмерць, несла цынічнае забыцьцё іх твораў і плянамернае выкрэсьліваньне гэтых постацяў з публічнай прасторы.

У забойстве Васіля Дружчыца або вырачэньні на сьмерць Тодара Забелы не было дзяржаўнай неабходнасьці. Зьнішчаючы іх, савецкая дзяржава ажыцьцяўляла свайго роду прафіляктычную зачыстку гуманітарнай прасторы.

Трэба сказаць, што гэтая крывавая прафіляктыка застаецца ў пэўнай меры эфэктыўнай аж да сёньня, паколькі з твораў ільвінай долі аўтараў гэтага нумару нават выпускнік беларускай гуманітарнай ВНУ не чытаў анічога.

З маральнага гледзішча мы аднаўляем гістарычную справядлівасьць і выконваем свой грамадзянскі абавязак, калі ізноў уводзім гэтыя тэксты ў публічны ўжытак. Але ёсьць і іншы аспэкт: беларуская гістарыяграфія 1920‑х проста цікавая і пазнавальная, і з гэтага ракурсу яна не саступае найлепшым узорам беларускай бэлетрыстыкі той пары.

І яшчэ колькі суб’ектыўных уваг пра гэты нумар. Пасьля яго прачытаньня хочацца верыць, што тэрытарыяльны кшталт БССР узору 1939 году быў прадвызначаны не стратэгічнымі меркаваньнямі Крамля ці дакладнымі запіскамі аднаго з тагачасных акадэмікаў, а перш за ўсё высілкамі і сілай уяўленьня беларускіх інтэлектуалаў дзесяцігодзьдзем раней. Хаця да Берасьця ад беларускай мяжы ўзору 1921 г. было пад 300 км, а да Гародні — усе 200, гэтыя і іншыя гарады і вёскі (натуральна, разам зь Вільняй) успрымаліся неад’емнай часткай Беларусі. На жаль, большасьці аўтараў гэтага нумару было ня суджана пабачыць Беларусь у цяперашніх граніцах.

Беларуская гістарыяграфія 1920‑х дае прыклады добрай беларускай мовы, ня вучанай па слоўніках, у тым ліку гістарычнай тэрміналёгіі, не скалькаванай з расейскай мовы.

«Прысуд» тутака юрысдыкцыя, а ня вырак, ратуш мае мужчынскі род. «Судатварэньне», «пісьмаводзтва» і падобныя выразы паказваюць на актыўныя тэрміналягічныя пошукі ў тую пару. Зь іншага боку кідаецца неадрозьніваньне, напрыклад, «даходаў» і «прыбытку», што цяпер палічылі б за грубую памылку.

У апублікаваных дасьледаваньнях незашораны чытач знойдзе ў іх нямала вартага — у тым ліку, адказ на пытаньне, што было ведама беларускай гістарыяграфіі 1920‑х пра гісторыю Беларусі, а таксама якія мэтады яна ўжывала для яе дасьледаваньня. Нарэшце, гэтая гістарыяграфія была глыбока патрыятычная і не цуралася выразаў накшталт «маскоўская акупацыя» і «агульная варожасьць беларускага грамадзянства да маскоўцаў».

А скончыць гэты тэкст хочацца цытатай зь Зьмітра Даўгялы, якая выдатна перадае яе дух і літару:

Канчаткова яны зьнішчаны бегам часу і агнём пажараў часткай у час штурму з боку расійскіх войск у ноч з 6 на 7 кастрычніка 1812 г., калі горад Полацак быў адняты ў французаў, а ў большасьці ўжо пасьля 1812 году. Астрогі і вежы зьнішчыліся, валы заняхаены, равы заплылі зямлёй…

Умацаваньні Полацкія зьніклі…

Валер Булгакаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0