XII «Мінскі форум» праходзіць з 4 па 6 лістапада ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў.
Сёлета яго тэма — «Беларусь і Усходняе партнёрства: перспектывы развіцця ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства». На форум з’едуцца ўрадоўцы, навукоўцы, дэпутаты з розных еўрапейскіх дзяржаваў.
У адкрыцці форуму маюць узяць удзел паслы ФРГ і Швецыі Гебхарт Вайс і Стэфан Эрыксан, намеснік міністра замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус, старшыня Усходняга камітэта германскай эканомікі Клаўс Мангольд.
На Форуме будуць працаваць тры працоўныя групы: «Замежная палітыка: Беларусь — сусед у Еўропе», «Эканоміка: новыя задачы эканамічнай палітыкі», «Грамадства: новыя формы ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і грамадствам».
Як плануецца, у адкрыцці форуму возьме ўдзел кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. У час мінулага такога форуму ён паабяцаў вярнуць шэраг незалежных газетаў у «Саюздрук». І абяцанне стрымаў. Ці стане сёлетні форум трыбунай для новых публічных заяваў?