На дварэ па‑восеньску халодны дождж, дый душэўнае надвор’е не радуе. Усё часцей наведваюць сумныя думкі, і свет навокал падаецца непрыемным шэрым сном. Калі гэта падобна да вашага самаадчування, віншую: у вас восеньская дэпрэсія.

Дактары ставяцца да сезоннай дэпрэсіі пацыентаў з іроніяй: падумаеш, папіце антыдэпрэсантаў і пачакайце на вясну. Але ёсць яшчэ некалькі рэцэптаў, якія можна паспрабаваць без шкоды для здароўя.

Рэцэпт першы: святло і колеры

Паклапаціцеся пра добрае асвятленне ў памяшканні, дзе вы працуеце. Святло будзе спрыяць добраму настрою і стымуляваць працаздольнасць. Не трэба эканоміць на здароўі вачэй і ўласным настроі. Лекі даражэйшыя за кілаваты.

Яшчэ псіхолагі раяць правесці колератэрапію. Жоўценькія, чырвоненькія, памаранчавыя і іншыя яркія драбніцы павесяляць вас і нагадаюць пра лета і добры настрой.

Рэцэпт другі: навінкі

Гэта не тое, што вы падумалі. Памяняйце сабе стрыжку або колер валасоў. Набудзьце новую адзежыну ці якую прыладу для аўтамабіля. Штосьці новае ў вашай выяве ці атачэнні зарадзіць вас пазітыўнай энергіяй. І ніводзін доктар не адмяняў шопінг як сродак барацьбы з дрэнным настроем. Карыстайцеся!

Рэцэпт трэці: планаваць і марыць

Падумайце, як весела будзе зімой пакатацца на лыжах ці каньках, сплануйце Новы год і Каляды. Можна пачаць загадзя рыхтаваць падарункі, калі, канешне, фінансавы бок гэтай справы не выклікае ў вас адмоўных эмоцыяў. Калі любіце вязаць або шыць, праглядзіце часопісы мод, абярыце мадэль і… не забывайцеся на яркія і насычаныя колеры!

Рэцэпт чацвёрты: падыміце пятую кропку з канапы

Займіцеся чымсьці новым (танцамі, аэробікай, плаваннем, фігурным катаннем). Спорт дапаможа застацца ў форме і зарадзіць вас выключна пазітыўнай энергіяй. Часцей сустракайцеся з сябрамі. Іншымі словамі, усяляк пазбягайце хаты восеньскімі вечарамі.

Рэцэпт пяты: добрая кніга і прыемная музыка

Псіхолагі рэкамендуюць пачынаць раніцу з вясёлай энергічнай музыкі. А не з палітычных навінаў, тым больш крымінальнай хронікі. Яшчэ прафесар Прэабражэнскі не раіў, памятаеце? Як варыянт, вы¬дзеліць вечарам гадзінку для ўлюбёнай кнігі пад спакойную прыемную музыку з кубачкам смачнай гарбаты. Няўжо гэта не шчасце?

Рэцэпт шосты: смакоцце

Каб пазбавіцца ад дэпрэсіі, ешце болей свежай садавіны і гародніны, піце болей сокаў. Калі вы любіце салодкае, забудзьцеся пра дыеты на некаторы час, парадуйце сябе смачнай ежай. Але асцярожна: сезонная дэпрэсія можа змяніцца дэпрэсіяй ад лішніх кілаграмаў.

Не забывайце пра прыродныя стымулятары: травяныя гарбаты, кітайскі лімоннік, адвар шыпшыны. З раніцы дазваляйце сабе кавалачак чорнага шакаладу. Горкі шакалад узмацняе выпрацоўку сератаніна, гармона радасці, а значыць, паляпшае настрой! Гармоны шчасця «здабыць» можна таксама ўжываючы марожанае, бананы і цукаты.

Рэцэпт сёмы: найлепшы

Пастаўце сабе за мэту хваліць сябе за кожную зробленую справу. Прачнуўся а сёмай — малайчына, зрабіў 10 адцісканняў — асілак, спазніўся на працу — таксама добра, не атрымалася справа — значыць, атрымаецца іншая.

Што б з вамі ні здаралася, заставайцеся пазітыўнымі, і тады нават самае змрочнае і халоднае надвор’е падасца вам прыемным восеньскім дзянёчкам.

Настасся Шамрэй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0