Андрэй Чухуцін шэсьць гадоў жыве ў Ізраілі, а родам ён з Гомеля. У 2000 годзе вырашыў адведаць сваякоў на зямлі абяцанай, паглядзець, як там яно на гістарычнай радзіме маці. І вырашыў застацца. Адслужыў у войску. Паступіў на біямэдычны факультэт Хайфскага ўнівэрсытэту, ён будзе займацца распрацоўкай мэдычнай апаратуры: ультрагукавыя прыстасаваньні, рэнтген, імплянтанты. Андрэй не шкадуе аб выбары, бо лічыць, што рэалізаваць свой патэнцыял у Ізраілі значна прасьцей, чым у Беларусі. У ягонай кішэні ляжыць ізраільскі пашпарт, але ён удала спрабуе не згубіць і сваю беларускую тоеснасьць.

Андрэй вядзе ў Інтэрнэце блог на беларускай мове. Асабліва цікава яго чытаць цяпер, калі на Блізкім Усходзе ізноў неспакойна. Што думае, як рэагуе на вайну наш зямляк, які апынуўся воляй лёсу ў небясьпечнай зоне.

З прычыны баявых дзеяньняў ва ўнівэрсытэце перанесьлі іспыты на верасень, і Андрэй скарыстаў магчымасьць, каб па турыстычнай візе, коштам у сто даляраў, адведаць бацькоў. Зайшоў і ў «Нашу Ніву».

«Як ні дзіўна, але да бамбёжак пачынаеш прывыкаць, як да штодзённасьці, як да выпітага ранкам кубка кавы, – кажа Андрэй. – Гэта ня так жахліва ўнутры, як падаецца звонку.

Нягледзячы на тое, што лібанскія ракеты падаюць на Хайфу ня першы тыдзень, урад не сьпяшаецца абвяшчаць вайсковае становішча, але ў горадзе не працуюць банкі, крамы, іншыя ўстановы. Нам кажуць, калі завыюць сырэны, то мы павінны хавацца ў бамбасховішчах, але гэта папросту раздражняе, калі па пяць-дзесяць разоў на дзень трэба туды спускацца. Апошнімі разамі я нікуды не ішоў, а спрабаваў схавацца ў глухім кутку».

Андрэй кажа, што жыцьцё ў Ізраілі ў пэўным сэнсе – заўсёды рызыка. «Нават у адносна мірны час ты можаш проста зайсьці ў аўтобус і стаць ахвярай тэракту; трэба быць гатовым да ўсяго».

Для Андрэя жыцьцё ў баявой зоне не ў навіну. Ён служыў у войску ў Сэктары Газа. «Звычайна ходзіш цэлы дзень, выглядваеш, кантралюеш нейкую палестынскую вёску, а ўвечары адтуль чуюцца стрэлы. Ты таксама бярэш кулямёт і тупа пачынаеш страляць проста ў той бок. Вельмі сумняюся, што я каго там падстрэліў.

Шмат хто зьехаў з паўночных тэрыторыяў на поўдзень. Там увогуле не адчуваецца, што ідзе вайна. Дарэчы, я добра сплю па начох, бо ў гэты час ракеты не лятуць на Хайфу».

Па прыезьдзе ў жыцьці Ізраілю Андрэя ўразіла тое, што яны ўважаюць сябе за паўнавартасных эўрапейцаў, хоць і жывуць у пустэльні між арабаў. «У нейкім сэнсе яны бліжэйшыя да Эўропы, у нейкім – беларусы. З Ізраілю вельмі проста сесьці на самалёт і быць дзе-небудзь у Бэрліне. Беларусы ж мэнтальна і гістарычна заўсёды былі часткай агульнага эўрапейскага кантэксту». Пра гэта самае пра Ізраіль некалі казаў пісьменьнік Этгар Керэт.

«У Ізраілі зусім мала ведаюць пра Беларусь. Нават падчас сакавіцкіх выбараў па мясцовых каналах амаль не паказвалі Беларусь. Кажу, што краіна знаходзіцца між Польшчай і Расеяй. Польшча – так, ведаем, Расея – так, Беларусь – ня ведаем. Пра Лукашэнку таксама нічога ня чулі. Хоць зь Беларусі паходзіць шмат ідэолягаў сіянізму».

У Хайфе няма з кім падтрымліваць сувязі па-беларуску, перакінуцца парачкай словаў. «Паступова натуральна пачынаеш нешта забываць. Часам лягчэй сказаць слова па-габрэйску, чым па-беларуску. У маім унівэрсытэце ёсьць некалькі выхадцаў зь Беларусі, але яны заселі ў ізральскіх рэаліях нашмат крапчэй за мяне», -- кажа Андрэй.

Ён ня можа ўцямна адказаць на пытаньне: кім па нацыянальнасьці ён сябе лічыць. Габрэем? Беларусам? Ці, можа быць, кім яшчэ? Ён ня ведае, пры якіх умовах гатовы вярнуцца жыць і працаваць у Беларусь, як ня ведае, ці хоча застацца жыць назаўсёды ў Ізраілі. Яго разьдзіраюць між сабой дзьве Радзімы. Але беларуская мова ў Андрэя бездакорная.

Блог Андрэя Чухуціна end_product.livejournal.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?